Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫЯ... (ад грэч. theion cepa), першая складаная частка назваў хім. злучэнняў, малекулы якіх маюць атамы S(II), напр., тыяфен, тыяфенолы.

т. 16, с. 87

ТЫЯКО́ЛЫ,

тое, што полісульфідныя каўчукі.

т. 16, с. 87

ТЫЯМІ́Н, вітамін B1,

водарастваральны вітамін. Вылучаны ням. хімікам В.​Віндаўсам (1931), сінтэзаваны амер. хімікам Р.​Уільямсам (1936). Ёсць у збожжавых, бабовых, дражджах. Сінтэзуецца раслінамі і некат. мікраарганізмамі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць Т. з ежай.

Тыямін.

Адыгрывае важную ролю ў вугляводным абмене: у форме кокарбаксілазы ўваходзіць у састаў ферментаў, якія каталізуюць дэкарбаксіліраванне α-кетакіслот (напр., піравінаграднай к-ты). Нястача Т. выклікае паталаг. змены нерв., сардэчна-сасудзістай сістэм, хваробу беры-беры. Чалавеку неабходна 1,5—2 мг Т. ў суткі. Т., яго фосфарныя эфіры і дысульфідныя вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 16, с. 87

ТЫЯНАФТО́ЛЫ, нафталінтыолы,

вытворныя нафталіну агульнай ф-лы C10H7SH; адносяцца да тыяфенолаў. Найб. пашыраны 2-Т. (2-нафталінтыол). Цвёрдае крышт. рэчыва, tпл81 °C, шчыльн. 1550 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры. Атрымліваюць аднаўленнем 2-нафталінсульфакіслаты C10H7SO3H. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, як паскаральнік пластыфікацыі каўчукоў (у сумесі з воскам), стабілізатар палімераў (гл. Антырады).

т. 16, с. 87

ТЫЯСЕ́РНАЯ КІСЛАТА́, сернавацістая кіслата,

двухасноўная к-та, H2S2O3. Вадкасць; няўстойлівая нават пры нізкіх (блізкіх да т-ры кіпення вадкага азоту) т-рах. У водным растворы раскладаецца на дыаксід серы SO2 і серу. Т.к. і яе солі (тыясульфаты неарганічныя) моцныя аднаўляльнікі.

т. 16, с. 87

ТЫЯСУЛЬФА́ТЫ,

солі тыясернай кіслаты (неарган. Т.), солі і эфіры алкіл (арыл) тыясерных кіслот RSSO3H (R — алкіл, арыл).

Неарганічныя Т. (устарэлая назва — гіпасульфіты) — крышт. рэчывы, растваральныя ў вадзе. Бязводныя пры награванні ў інертнай атмасферы раскладаюцца, у паветры — акісляюцца. Атрымліваюць акісленнем пры награванні ў паветры полісульфідаў калію, натрыю, кальцыю, барыю: узаемадзеяннем серы з растворамі сульфітаў і інш. спосабамі. Найб. шырока выкарыстоўваюць Т. натрыю Na2S2O, (гл. Натрыю злучэнні). Арганічныя Т. маюць агульную ф-лу RSSO2X, дзе X—OM (M — метал), OR′ (R′ — арган. радыкал). Найб. пашыраны солі шчолачных металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. Пры кіслотным гідролізе Т. утвараюцца меркаптаны, пры шчолачным — дыалкілдысульфіды (RSSR). Алкілтыясульфаты атрымліваюць алкіліраваннем неарган. Т. (напр., Na2S2O3) алкілгалагенідамі або дыалкілсульфатамі ў водна-арган. асяроддзі, арылтыясульфаты — узаемадзеяннем дыарылсульфідаў з гідрасульфітам калію. Выкарыстоўваюць пераважна як паўпрадукт для атрымання арган. злучэння серы (гл. Сераарганічныя злучэнні).

т. 16, с. 87

ТЫЯФЕ́Н,

араматычнае гетэрацыклічнае злучэнне; пяцічленны гетэрацыкл з адным атамам серы.

Бясколерная вадкасць з пахам бензолу, tкіп 84,2 °C, шчыльн. 1064,9 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў арган. растваральніках, не раствараецца ў вадзе. Хім. ўласцівасцямі падобны да бензолу, у рэакцыях электрафільнага замяшчэння (галагенаванне, нітраванне і інш.) больш актыўны (у некат. выпадках на некалькі парадкаў). Т. і яго гамолагі ёсць у прадуктах каксавання каменнага вугалю (адкуль іх вылучаюць разам з бензолам) і сланцавай смале (гл. Гаручыя сланцы). Ядро тэтрагідратыяфену — структурны фрагмент біяціну, многія злучэнні раду Т. фізіялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць вытворныя Т. пры раздзяленні хім. элементаў, як аптычныя адбельвальнікі (на аснове 2,5-тыяфендыкарбонавай к-ты), лек. прэпараты (напр., камбатрын — антыгельмінтны прэпарат), манамеры для атрымання электраправодных палімераў.

т. 16, с. 88

ТЫЯФЕНО́Л, фенілмеркаптан, меркаптабензол,

найпрасцейшы з тыяфенолаў, C6H5SH.

Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам. tкіп 168,7 °C), шчыльн. 1076,6 кг/м³ (20 °C). У паветры павольна акісляецца да дыфенілдысульфіду. Атрымліваюць узаемадзеяннем серы з фенілмагнійбрамідам C6H5MgBr або аднаўленнем бензолсульфахларыду C6H5SO2Cl цынкам у салянай кіслаце. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, палімераў, інгібітараў радыкальных рэакцый (пры награванні ў вадкай або газавай фазе генерыруе радыкал C6H5S ), стабілізатараў і інш. дабавак для сінт. каўчукоў. Таксічны. ГДК 2—5 мг/м³.

т. 16, с. 88

ТЫЯФЕНО́ЛЫ, арэнтыолы,

араматычныя меркаптаны. Агульная ф-ла ArSH, дзе Ar — феніл (гл. Тыяфенол), нафтыл (гл. Тыянафтолы), іх змяшчальныя (напр., 2-метылтыяфенол, 4-хлортыяфенол) і інш. Вадкія або крышт. маларастваральныя ў вадзе рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках. Больш моцныя к-ты, чым фенолы. Атрымліваюць звычайна ўзаемадзеяннем металаарган. злучэнняў з серай (напр., арылмагнійгалагенідаў; гл. Магнійарганічныя злучэнні). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пестыцыдаў, фарбавальнікаў, палімераў, лек. прэпаратаў і інш.

т. 16, с. 88

ТЫЯЦЫЯНА́ТЫ, раданіды,

солі і эфіры тыяцыянавай к-ты HNCS.

Т. неарганічныя — солі HNCS, крышт. рэчывы. многія раствараюцца ў вадзе, этаноле, ацэтоне. Найб. пашыраны Т. калію KNCS, натрыю NaNCS і Т. амонію NH4NCS У водных растворах акісляюцца кіслародам да сульфатаў і сінільнай кіслаты. Атрымліваюць пры ўлоўліванні цыяністых злучэнняў з коксавага газу растворамі адпаведных полісульфідаў. Т. калію і натрыю сплаўленнем іх цыянідаў з серай, Т. амонію ўзаемадзеяннем аміяку з серавугляродам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тыямачавіны. як рэагенты пры фарбаванні і друкаванні тканін, кампаненты праявіцеляў у фатаграфіі, для атрымання арган. Т., як інсектыцыды і фунгіцыды. Малатаксічныя, раздражняюць скуру; ГДК для NH4NCS 5 мг/м³, NaNCS 10 мг/м³ Т. арганічныя — эфіры тыяцыянавай к-ты агульнай ф-лы RSCN. Найб. пашыраны алкіл- і арылтыяцыянаты; алкілтыяцыянаты — вадкасці, арылтыяцыянаты — высокакіпячыя вадкасці або цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды і пратруту насення, стабілізатары змазак, эмульгатараў і інш. Большасць нетаксічныя; высокатаксічныя метыл- і этылтыяцыянаты (лакрыматары).

т. 16, с. 88