ТЫЯМІ́Н, вітамін B1,

водарастваральны вітамін. Вылучаны ням. хімікам В.​Віндаўсам (1931), сінтэзаваны амер. хімікам Р.​Уільямсам (1936). Ёсць у збожжавых, бабовых, дражджах. Сінтэзуецца раслінамі і некат. мікраарганізмамі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць Т. з ежай.

Тыямін.

Адыгрывае важную ролю ў вугляводным абмене: у форме кокарбаксілазы ўваходзіць у састаў ферментаў, якія каталізуюць дэкарбаксіліраванне α-кетакіслот (напр., піравінаграднай к-ты). Нястача Т. выклікае паталаг. змены нерв., сардэчна-сасудзістай сістэм, хваробу беры-беры. Чалавеку неабходна 1,5—2 мг Т. ў суткі. Т., яго фосфарныя эфіры і дысульфідныя вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)