эмпірычнае правіла, якое ўстанаўлівае залежнасць паміж адлегласцямі планет ад Сонца. Прапанавана ням. вучоным І.Тыцыусам (1766), стала вядома з прац ням. астранома І.Бодэ (1772).
Паводле Т.—Б.п. адлегласці планет ад Сонца знаходзяцца па формуле:
, дзе an — адлегласць, выражаная ў астр. адзінках, n — нумар планеты. пачынаючы ад Венеры (для Меркурыя 1-ы член сумы роўны нулю.). Дакладнасць вызначаных адлегласцей каля 3%. Тэарэтычна Т.—Б.п. не растлумачана.
ТЫЦЫЯ́Н [Titien; сапр.Тыцыяна Вечэліо (Tiziano Vecellio); 1488/89, г. Венецыя, Італія — 27.8.1576],
італьянскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Вучыўся ў С.Цуката, Джэнтыле Беліні, Джавані Беліні, Джарджоне. Працаваў пераважна ў Венецыі, а таксама ў Падуі (1506), Ферары (1516 і 1523), Мантуі (1536—37), Урбіне (1542—44), Рыме (1545—46), Аўгсбургу (1548 і 1550—51). Раннія творы з іх цікавасцю да пейзажу, паэтычнасцю, лірычнай сузіральнасцю, тонкім каларытам («Хрыстос і грэшніца», т.зв. «Цыганская мадонна») блізкія да работ Джарджоне. Пасля знаёмства з работамі Рафаэля і Мікеланджэла Т. выпрацаваў самастойны стыль, адметны пошукам ідэалу велічнай, гарманічнай і спакойнай прыгажосці: «Святая гутарка», «Саламея», «Маладая жанчына за туалетам», «Любоў зямная і нябесная», «Мадонна з вішняй», «Флора» (каля 1515), «Дынарый кесараў» (1518). Пазней ствараў манум. алтарныя карціны, адметныя велічным пафасам, адчувальнасцю прасторы («Унебаўзяцце Марыі», каля 1516—18, царква Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары, Венецыя), творы на евангельскія і міфалагічныя тэмы («Свята Венеры», 1518; «Палажэнне ў труну», 1520-я г.; «Увядзенне ў храм», 1534—38; «Венера Урбінская», 1538), якім уласцівы гучны каларыт, засн. на інтэнсіўных кантрастах сініх і чырв. колераў, багаты арх. фонамі з невял. жанравымі сцэнамі і быт. дэталямі. Пісаў спакойныя і строгія па кампазіцыі, багатыя адценнямі, тонка псіхал. партрэты («Мужчынскі партрэт», «Юнак з пальчаткай», каля 1520). У 1530—40-я г. аддаваў перавагу партрэтам сваіх сучаснікаў, у якіх праз позу, ракурс, жэст, колеравы строй перадаваў розныя, часам супярэчлівыя рысы іх характараў: «Іпаліта Медычы» (1532—33), «Ла Бела» (каля 1536), «П’етра Арэціна» (1545), «Папа Павел III з Алесандра і Атавіо Фарнезе» (1545—46). У позні перыяд творчасці дасягнуў вяршынь у жывапісным майстэрстве і ў эмацыянальна-псіхал. выяўленні рэліг. і міфалагічных тэм: «Даная» (каля 1554), «Венера і Адоніс» (1554), «Палажэнне ў труну» (1559), «Венера перад люстэркам» (1550-я г.), «Марыя Магдаліна каецца» (1560-я г.), «Аплакванне Хрыста» (1573—76). У аснове каларыту позніх твораў — найтанчэйшая колеравая гама, падпарадкаваная залацістаму тону; яна будуецца на тонкіх адценнях карычневага, сіне-стальнога, ружова-чырвонага, блякла-зялёнага колераў. Манера пісьма стала выключна свабоднай; кампазіцыю, форму і колер ён будаваў з дапамогай смелай пластычнай лепкі, фарбы накладваў на палатно і пэндзлем, і шпатэлем, і пальцам; празрыстыя лесіроўкі не хавалі падмалёўкі, часам праглядвалася зярністая фактура палатна. Са спалучэння разнастайных гнуткіх мазкоў нараджаліся вобразы трапяткой жыццёвасці і драматызму. Жывапісная тэхніка Т. зрабіла выключны ўплыў на далейшае развіццё сусветнага выяўл. мастацтва.
Літ.:
Смирнова И.А. Тициан и венецианский портрет XVI в. М., 1964;
Лазарев В.Н. Поздний Тициан // Лазарев В.Н. Старые итальянские мастера. М., 1972;
Тициан: [Альбом]. М., 1977;
Поцца Н. Тициан: Пер. с англ.М., 1981.
С.У.Пешын.
Тыцыян. Унебаўзяцце Марыі («Асунта»). Каля 1516—18.