ТЫЧЫ́НА Анатоль Мікалаевіч (11.5.1897, в. Грузджай Шаўляйскага пав., Літва — 22.12.1986),
бел. графік, адзін з заснавальнікаў бел. кніжнай графікі. Працаваў у розных графічных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. У пошуках нац. стылю афармлення звяртаўся да традыцый нар. мастацтва: вокладкі кніг «Каталог 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі» (1925), «Магіла льва» Я.Купалы, «Чалавек ідзе» Я.Маўра (абедзве 1927). Лепшым яго творам уласцівы паэтычнасць, тонкі лірызм, дасканалы малюнак, багацце тэхн. прыёмаў: «На электрастанцыі» (1925), «Мінск. Савецкая вуліца» (1940), «Разбураны Мінск» (1945), «Аднаўленне Мінска» (1948), «На рацэ Сож» (1960), «900 гадоў Мінску» (1967), «Архітэктурны помнік 18 ст.» (1971), «На возеры» (1976), «Я.Купала ў камунараў Палесся» (1981), «М.Багдановіч у Ялце» (1982), «На дзіцячай чыгунцы», «Зона адпачынку (Зялёны Луг)», «Праспект Леніна (Усход 1)» (усе 1984). Майстар экслібрыса: М.Шчакаціхіна (1926), А.Мальдзіса (1971) і інш.
Літ.:
Шлюбскі А. Exlibris’ы А.Тычыны. Мн., 1928;
А.М.Тычына / Аўтар тэксту П.Герасімовіч. Мн., 1961;