ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,

шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:

Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл. Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.​Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)