ТЫЛ,

1) тэрыторыя краіны, што ваюе, з яе насельніцтвам і эканам. рэсурсамі, акрамя раёна (зоны) ваен. дзеянняў.

2) Сістэма органаў кіравання, сіл і сродкаў, прызначаных для тылавога і тэхн. забеспячэння войск (Т. узбр. сіл). Як састаўная частка ўзбр. сіл і абарончага патэнцыялу дзяржавы Т. забяспечвае ўтрыманне запасаў матэрыяльных сродкаў і іх падвоз да фронту, падрыхтоўку, эксплуатацыю, тэхн. прыкрыццё і аднаўленне шляхоў зносін (сумесна з інш. органамі і ўстановамі дзяржавы), а таксама аказанне мед. дапамогі, гандлёва-быт., кватэра-эксплуатацыйнае, фінансавае забеспячэнне ваеннаслужачых і інш.).

Паняцце «Т.» узнікла ў старажытнасці разам са стварэннем армій. У наёмных арміях 15—17 ст. функцыі забеспячэння выконвалі гандляры (маркітанты), пазней т.зв. магазіны (склады-магазіны). якія размяшчаліся на верагодных напрамках ваен. дзеянняў. У рэгулярных арміях фарміраваліся падраздзяленні для цэнтралізаванага тылавога забеспячэння войск і флатоў. Са з’яўленнем у шэрагу краін масавых армій паняцце «Т.» станавілася больш разнастайным: ствараліся Т. відаў узбр. сіл, адпаведных родаў войск. Істотныя змены ў разуменне Т. ўнеслі ракетна-ядзерная зброя і інш. сучасная тэхніка.

Т. Узбр. Сіл Беларусі падзяляецца паводле маштабу і характару задач на стратэг., аператыўны і вайсковы; паводле прыналежнасці — Т. цэнтра, відаў узбр. сіл, брыгадны (палкавы) і батальённы (дывізіённы). Арганізацыйна фарміраванні і ўстановы Т. ўваходзяць у склад аператыўных камандаванняў, злучэнняў і часцей узбр. сіл, а таксама знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні цэнтр. органаў кіравання. Міністр абароны і ген. штаб ажыццяўляюць кіраўніцтва Т. праз нам. міністра абароны па тыле — начальніка Т. ўзбр. сіл, камандуючых відамі ўзбр. сіл і інш. цэнтр. ўстановы. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў для Т. ажыццяўляецца ў Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ і інш. 3) Тыльны бок строю (або ч. яго), баявога парадку, аператыўнага пастраення войск (сіл), процілеглы пярэдняму (фронту).

І.​К.​Кузняцоў.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)