ТЫЛКО́ЎСКІ (Tylkowski) Войцех (1624, Мазовія, Рэч Паспалітая — 1695),
польскі філосаф-тэолаг. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах, працаваў у Ватыкане. У 1677—81 праф. Віленскай акадэміі, пазней кіраваў папскай семінарыяй у Вільні. Аўтар твораў па філасофіі, тэалогіі, прыродазнаўстве. У гал. яго працы — 9-томнай «Займальнай філасофіі» (Кракаў, 1669), прысвечанай логіцы, метафізіцы і этыцы, шмат звестак па гісторыі прыродазнаўства і медыцыны. Нягледзячы на ўстарэласць звестак і езуіцкую казуістыку, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў творы Т. былі для езуіцкіх прафесараў адной з гал. крыніц прыродазнаўчых ведаў. З дапамогай лагічных прыёмаў і фармальных доказаў ён абгрунтоўваў і абараняў догматы рэлігіі, існаванне Бога як стваральніка сусвету і бессмяротнасць душы. У поглядах на гісторыю Т. прытрымліваўся правідэнцыялізму, паводле якога ўся дзейнасць людзей — гэта ажыццяўленне раней прадугледжанага «божага плана»; гісторыя і мінулае маюць значэнне толькі таму, што ў іх ёсць божыя прадбачанні сучаснага і будучыні.
Літ.:
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971. С. 29—33.
Г.А.Маслыка.
т. 16, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)