Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЛО́Д (ням. Allod),

свабодна адчужальная індывід.-сямейная зямельная ўласнасць у раннефеад. дзяржавах Зах. Еўропы. Прыйшоў на змену абшчынным формам уласнасці. З развіццём феад. адносін большасць дробных алодаў ператварылася ў залежныя сял. дзяржанні, а буйныя і сярэднія — у бенефіцыі і феоды. Як перажытак алод існаваў і пры развітым феадалізме. На Беларусі алоду ў некаторай ступені адпавядала вотчына.

т. 1, с. 265

АЛО́НАЎ (Яўген Піліпавіч) (1875, Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл. — 23.12.1929),

ветэрынарны ўрач, заснавальнік навук. ветэрынарыі на Беларусі. Герой працы (1924). Скончыў Варшаўскі вет. ін-т (1903). У 1913 арганізаваў першую на Беларусі вет. лабараторыю ў Віцебску, у 1914 — экспедыцыйнае абследаванне жывёлагадоўлі Віцебскай губ. Заснавальнік і з 1924 рэктар Віцебскага вет. ін-та, адначасова кіраўнік Вет. ўпраўлення Наркамата земляробства БССР. Навук. працы па аналізе вет.-сан. стану і прычынах хвароб с.-г. жывёлы на Беларусі. Ініцыятар распрацоўкі «Ветэрынарнага статута БССР», заснавання віцебскіх вет.-заалагічнага музея (1918), бат. сада, музея анатоміі, арніталогіі і энтамалогіі (1924).

Тв.:

Витебская губерния в ветеринарно-санитарном отношении (1903—1910). Витебск, 1912.

Літ.:

Вышелесский С. Е.​Ф.​Алонов // Бел. ветэрынарыя. 1929. № 10—12;

Сипко Н.Г. Ветеринарное образование в Белоруссии // Ветеринария. 1967. № 6.

т. 1, с. 265

АЛО́НСА (Alonso; сапр. Мартынес дэль Ойо) Алісія

(н. 21.12.1921, Гавана),

кубінская артыстка балета, балетмайстар; заснавальніца кубінскага балета. Стварыла з Фернанда і Альберта Алонса ў Гаване трупу «Балет Алісіі Алонса» (1948, з 1959 — нац. балет Кубы). Паставіла шэраг арыгінальных балетаў. Сярод партый: Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Тэрпсіхора («Апалон Мусагет» І.​Стравінскага).

т. 1, с. 265

АЛО́ЎНІКАЎ (Ігар Уладзіміравіч) (н. 5.11.1954, Мінск),

бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, В.​А.​Моцарта, С.​Рахманінава, бел. кампазітараў Г.​Вагнера, Л.​Абеліёвіча, Картэса і інш. Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел. фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

І.​І.​Зубрыч.

т. 1, с. 265

АЛО́ЎНІКАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 16.1.1919, Бабруйск),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1970). Праф. (1980). Бацька І.У.Алоўнікава. Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, класы кампазіцыі В.​Залатарова і фп. М.Бергера), у 1947—94 педагог у ёй, у 1962—82 рэктар. Аўтар сімфанічнай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Жыццесцвярджальнасцю і лірычнай пранікнёнасцю вызначаюцца шырока вядомыя яго песні: «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня», «Песня пра Брэсцкую крэпасць», «Песня пра К.​Заслонава», «Песня аб Мінску», «Недзе ў пасёлку» і інш. Найб. значныя праграмныя сімф. творы: паэмы «Партызанская быль» (1952), «Нарач» (1954), сюіта «Песні міру» (1958); араторыя «Партызанскія песні» (1994).

Інш. тв.: кантата для дзяцей «Усім піянерам таварыш і брат» (памяці М.​Казея), «Урачыстая прэлюдыя» і эскіз «Куранты Брэсцкай крэпасці» для сімф. арк.; сюіта «На Палессі» і муз. карцінка «Зорка Венера» для арк. бел. нар. інструментаў; п’есы для фп., скрыпкі і фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Зубрыч І.І. Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970.

І.​І.​Зубрыч.

У.У.Алоўнікаў.

т. 1, с. 266

АЛО́Э (Aloe),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).

Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.

Алоэ дрэвападобнае.

т. 1, с. 266