Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛМА́З

(цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

т. 1, с. 264

АЛМА́ЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горнай прам-сці па здабычы і апрацоўцы алмазаў, а таксама вытв-сці сінт. алмазаў.

Апрацоўка алмазаў існуе са старажытнасці. Алмазы былі вядомы ў Індыі з 8—7 ст. да н.э. У пач. 18 ст. яны знойдзены ў Бразіліі, у 1829 — у Расіі (на Урале), у 1866 — у Паўд. Афрыцы. З канца 19 — пач. 20 ст. Афрыка стала асн. алмазаздабыўным рэгіёнам свету. З 1955 пачалася прамысл. здабыча алмазаў у Якуціі. Аульныя запасы алмазнай сыравіны ацэньваюцца больш як у 2 млрд. каратаў (І кар — 200 мг), найб. ў Заіры, ПАР, Батсване, Анголе, Гане, Намібіі, Аўстраліі.

Па здабычы ювелірных алмазаў 1-е месца ў свеце займае Афрыка, каля палавіны тэхн. алмазаў здабываецца ў Аўстраліі. Асн. вытворцы ювелірных алмазаў — Паўд. Афрыка, Батсвана, Расія, Намібія і Ангола. Каля 80% сусв. здабычы алмазаў кантралюе найбуйнейшая ў галіне кампанія «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс». Збыт прыродных алмазаў на сусв. рынку ажыццяўляе манапаліст — Алмазны сіндыкат. Каля 100% ювелірнай сыравіны, якая паступае на рынак, перапрацоўваецца ў брыльянты. Ювелірныя алмазы апрацоўваюцца пераважна ў Амстэрдаме, Тэль-Авіве, Бамбеі, Нью-Йорку. Сінтэтычныя алмазы (памеры 0,01—1,2 мм) вырабляюць Расія і некат. краіны Усх. Еўропы, амер. кампанія «Джэнерал электрык», прадпрыемствы кампаніі «Дэ Бірс», у ПАР, Ірландыі і Швецыі, а таксама японскія, герм. і інш. фірмы. Сучасная штогадовая вытв-сць сінт. алмазаў ацэньваецца ў 150 млн. кар; за іх кошт на 75% забяспечваецца выраб алмазнага інструменту. На Беларусі арг-цыямі ВА «Беларусьгеалогія» вядзецца пошук алмазаў. У 1980—90 выяўлены алмазаносныя кімберліт-лампраітавыя пароды на ПдУ рэспублікі. Знойдзены 3 крышталі алмазаў. На прывазной сыравіне наладжана апрацоўка алмазаў у Гомелі (прадпрыемства «Крышталь»).

т. 1, с. 264

АЛМА́ЗНЫЯ ГО́РЫ,

гл. Кымгансан.

т. 1, с. 264

АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт. алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.

т. 1, с. 264

АЛМА́ЗНЫ СІНДЫКА́Т,

міжнародная манаполія па збыце прыродных і сінтэтычных алмазаў, Засн. ў 1892, аб’ядноўвае ПАР, Заір, Танзанію, Намібію і інш. Кантралюе 60—65% збыту алмазаў. Вядучая роля ў алмазным сіндыкаце належыць кампаніі «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс».

т. 1, с. 264

АЛМАЛЫ́К,

горад ва Узбекістане, у Ташкенцкай вобл., на схілах Курамінскага хрыбта, за 18 км ад чыг. ст. Ахангаран. 116 тыс. ж. (1990). Цэнтр каляровай металургіі (горна-металургічны камбінат). Хім., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. ЦЭЦ.

т. 1, с. 264

АЛМАСЗАДЭ́ Гамэр Гаджы Ага кызы

(н. 10.3.1915, Баку),

азербайджанская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1959). Пачала выступаць у 1930, была першай азерб. балерынай. Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1936). Салістка, з 1953 гал. балетмайстар Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі), Гюльшэн («Гюльшэн» С.Гаджыбекава, Дзярж. прэмія СССР 1952), Айша («Сем прыгажунь» К.Караева). Паст.: «Гюльшэн» (1950), «Чырвоная кветка» Р.Гліэра (1954), «Шур» Ф.Амірава (1968) і інш.

т. 1, с. 264

АЛМАТЫ́,

Алма-Ата, горад, сталіца Казахстана (да 1995). Размешчаны на ПнУ рэспублікі, каля падножжа паўн. схілаў хр. Заілійскі Алатау, на выш. 650—950 м, паміж рэкамі В. і М.Алмаацінкі. 1200 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог (аўтамагістралі на Бішкек, Сяміпалацінск і да мяжы з Кітаем). Аэрапорт. Буйны індустр. і культ. цэнтр рэспублікі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, электратэхн., станкабудаванне і інш.), харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая і інш.), лёгкая (тэкст., футравая, трыкат., абутковая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. ЦЭС, каскад ГЭС на В.Алмаацінцы. Алматы неаднойчы цярпеў ад землетрасенняў і селяў (зроблены супрацьселевыя збудаванні).

Засн. ў 1854 як рас. ваен. ўмацаванне Вернае на месцы казахскага паселішча Алматы. З 1867 г. Верны — цэнтр Сямірэчанскай вобл. Туркестанскага ген.-губернатарства. Быў месцам паліт. ссылкі. У 1921 перайменаваны ў Алма-Ату, у 1929—95 сталіца Казахстана (перанесена ў г. Акмала). Развіццю горада садзейнічала Туркестана-Сібірская чыг., пабудаваная ў 1930. З 1992 наз. Алматы.

Горад захаваў прамавугольную планіроўку. Яго сучасны выгляд вызначае ансамблевая сейсмаўстойлівая забудова, шырокія азялененыя праспекты і вуліцы. Сярод арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1941, арх. М.Прастакоў), Дом урада (1958, арх. Б.Рубаненка, Г.Сіманаў і інш.), цырк (1972, арх. У.Кацаў, І.Слонаў), высакагорны спарткомплекс «Медэа» (1972, 1975, арх. Кацаў і інш.), музей мастацтваў Казахстана (1976, арх. Э.Кузняцова, В.Навумава, Б.Новікаў), аэравакзал (1976, арх. І.Шчавелева, А.Лепік і інш.), гасцініца «Казахстан» (1977, арх. Л.Ухобатаў, Ю.Ратушны), т-р драмы (1980, арх. А.Бармурзаеў, М.Жаксылыкаў і інш.). Помнікі: Абаю (1960, скульпт. Х.Наурзбаеў), Аўэзаву (1980, скульпт. Я.Сергебаеў) і інш.

Дзейнічаюць (1989): Акадэмія навук, 15 ВНУ (у т. л. Каз. ун-т, кансерваторыя), 7 тэатраў (оперы і балета імя Абая, т-р драмы імя Аўэзава, лялек і інш.), 7 музеяў (гістарычны, мастацтваў Казахстана, Дом-музей М.Аўэзава і інш.).

Літ.:

Алма-Ата: Энцикл. Алма-Ата, 1983.

Р.А.Жмойдзяк (гаспадарка).

т. 1, с. 265

АЛМЕ́ЙДА

(Almeida) Франсішку (каля 1450, Лісабон — 1.3.1510),

партугальскі мараход; 1-ы віцэ-кароль Індыі (1505—09). Заваяваў тэр. ў Зах. Індыі, стварыў апорныя пункты на ўзбярэжжы Індыйскага ак., у Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі. Пабудаваў форты ў Канануры і на в-ве Анджыдыў. У 1509 каля в-ва Дыу разбіў флот егіп. султана, пасланы для выгнання партугальцаў з Індыйскага ак. Забіты афрыканцамі ў час вяртання на радзіму.

т. 1, с. 265

АЛМЕ́ЙДА-ГА́РЭТ

(Almeida Garrett Жуан Баптышта да Сілва Лейтан ды (da Silva Leitão; 4.2.1799, г. Порту, Партугалія — 9.12.1854),

партугальскі пісьменнік. Прыхільнік дэмакр. канстытуцыі, у 1823 вымушаны эмігрыраваць. Пазней — дыпламат і дэпутат парламента. Заснавальнік прагрэс.-рамант. кірунку ў партуг. л-ры (паэмы «Камоэнс», 1825, «Дона Бранка», 1826; зб-кі лірычных вершаў «Кветкі без пладоў», 1845; «Апалае лісце», 1853). У цэнтры рамана «Арка святой Ганны» (ч. 1—2, 1845—51) і драм «Аўту Жыла Вісентэ» (1838), «Збройнік з Сантарэма» (1841), «Брат Луіж ды Сауза» (1844) — эпізоды нац. гісторыі.

Тв.:

Рус. пер. — Арка святой Анны. М., 1985.

т. 1, с. 265