Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЫЧА́,

зборная назва відаў раслін з роду сліва. Найб. вядомы алыча культурная (Prunus cerasifera) і сліва разгалістая, або ткемалі (Prunus divaricata). Вырошчваюць у краінах Азіі, Еўропы, на Балканах, Каўказе, у Закаўказзі. Выкарыстоўваюць як пладовую культуру, як прышчэпу для слівы, персіка, абрыкоса; для ахоўнага лесаразвядзення. На Беларусі інтрадукавана ў сярэдзіне 19 ст. з Паўн. Каўказа, пашырылася па ўсёй тэр. рэспублікі.

Дрэва або вялікі куст выш. 4—10 м. Лісце яйцападобнае або прадаўгавата-эліпсападобнае. Кветкі белыя, распускаюцца раней за лісце. Плод — касцянка, ад светла-жоўтай да цёмна-чырвонай, выспявае ў жніўні. Ураджайнасць 8—10 кг (да 40 кг) з дрэва. Сарты: Ветразь, Камета кубанская, Хуткаплодная, Падарожніца (Рубінавая), Мара і інш. Меданос. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і сцябловымі чаранкамі, акуліроўкай. Святлолюбівая, засухаўстойлівая, непатрабавальная да глебы і вільгаці расліна. Плады багатыя цукрамі, яблычнай і лімоннай к-тамі, вітамінамі С, B1, B2 і інш., з іх гатуюць кампоты, варэнне, павідла, сок, віно, на Каўказе — алычовы лаваш (высушаныя на сонцы тонкія лісты з мякаці пладоў).

т. 1, с. 271

АЛЫШУ́ЛЕР Сямён Аляксандравіч

(24.9.1911, г. Віцебск — 1983),

савецкі фізік. Чл.-кар. АН СССР (1976). Скончыў Казанскі ун-т (1932), дзе працаваў з 1935 (з 1955 праф.). Навук. працы па радыёспектраскапіі і парамагнетызме. У 1934 сумесна з І.Я.Тамам выказаў ідэю аб існаванні ў нейтрона магн. моманту і дакладна вызначыў яго знак і велічыню. Прадказаў і даў тэорыю акустычнага парамагн. рэзанансу (1952). Прапанаваў метад атрымання звышнізкіх тэмператур, заснаваны на адыябатычным размагнічванні ядз. спінаў.

Тв.:

Электронный парамагнитный резонанс соединений элементов промежуточных групп. 2 изд. М., 1972 (разам з Б.М.Козыравым).

т. 1, с. 285