Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛДА́Н,

рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 2273 км, пл. бас. 729 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схіле Станавога хрыбта, цячэ па Алданскім нагор’і, уздоўж паўд. падножжа Верхаянскага хрыбта, упадае за 160 км ніжэй Якуцка. Даліна ў межах Алданскага нагор’я складаецца з шырокіх і вузкіх каньёнападобных участкаў з перакатамі і шыверамі; у сярэднім цячэнні шырокая, з тэрасаванымі схіламі. Асн. прытокі: Тымптон, Учур, Мая, Алах-Юнь (справа), Амга (злева). Разводдзе з мая да ліп., у жн.вер. паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 5150 м³/с. У бас. Алдана больш за 51 тыс. азёр. Рыбалоўства (асетр, сцерлядзь, харыус). Суднаходны на 1753 км ад вусця. Гал. прыстані: Тамот, Усць-Мая, Хандыга. У бас. Алдана радовішчы жал. руды, каменнага вугалю, золата, слюды-флагапіту.

т. 1, с. 235

АЛДА́НАЎ Марк Аляксандравіч

(сапр. прозвішча Ландаў; 7.11.1886, Кіеў—25.2.1957),

рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1919 у эміграцыі. Аўтар гіст. тэтралогіі «Мысліцель» (1921—27), прысвечанай пераломным падзеям у Францыі і Расіі ў эпоху Вял. франц. рэвалюцыі (раманы «Дзевятае тэрмідора», «Чортаў мост», «Змова», аповесць «Святая Алена, маленькі востраў»). Своеасаблівым поглядам «з эміграцыі» на падзеі рас. рэвалюцыі і трагічны раскол рас. грамадства сталі яго трылогія «Ключ», «Уцёкі», «Пячора» (1929—36), раманы «Вытокі» (1950) і «Самазабойства» (1956), у якіх эрудыцыя гіст.-філас. даследавання спалучаецца з вастрынёй прыгодніцкага сюжэта. Аўтар кніг гіст. нарысаў «Агонь і дым» (1922), «Сучаснікі» (1928), «Партрэты» (1931 і 1936) і інш. У сав. час. творы Алданава былі забаронены (пачалі друкавацца ў 1989).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1991.

т. 1, с. 235

АЛДА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

ва Усх. Сібіры, у міжрэччы Алёкмы і Учура, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Пераважаюць плоскія міжрэччы, шырокія катлавіны (выш. да 1000 м), над якімі ўзнімаюцца хрыбты Зах. Янгі, Сунагын, Кет-Кап (выш. 2306 м). Складзена з моцна змятых дакембрыйскіх гнейсаў і крышт. сланцаў, перарваных інтрузіямі гранітаў і ультраасноўных парод, перакрытых вапнякамі і пясчанікамі. Радовішчы жал. і медных рудаў, вугалю (Паўд.-Якуцкі басейн), золата, слюды. На схілах да выш. 110—1300 м тайга з даурскай лістоўніцы, вышэй — камяністая тундра.

т. 1, с. 235

АЛДА́НСКІ ШЧЫТ,

выступ дакембрыйскага крышт. фундамента на ПдУ Сібірскай платформы. У асноўным супадае з Алданскім нагор’ем і Станавым хрыбтом. Прадстаўлены шэрагам буйных блокаў, размежаваных мерыдыяльнымі разломамі. На Пд і З шчыта глыбінныя разломы, на Пн — сістэма флексур. Дакембрыйскія ўтварэнні фундамента складаюць некалькі структурных паверхаў ранніх стадый развіцця зямной кары. Самы стараж. паверх (больш за 3,5 млрд. г.) мае гранулітавую гнейса-гранітную, мармуровую, сланцавую, кварцытавую аснову. Сярэдні (3,5—2,7 млрд. г.) складзены з метамарфізаваных асадкава-вулканагенных адкладаў. Верхні паверх (2,7—1,5 млрд. г.) — абломкавыя вулканагенныя ўтварэнні і буйныя інтрузіі. На З Алданскага шчыта перакрыты магутным (больш за 10 км) платформавым чахлом. У крышт. структурах Алданскага шчыта радовішчы рудаў жалеза, медзі, слюдаў, рэдкіх металаў, золата, п’езакварцу; ва ўпадзінах, запоўненых кантынентальнымі асадкамі, радовішчы каменнага вугалю.

А.М.Баско.

т. 1, с. 235