Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЯ́Б’ЕЎ Аляксандр Аляксандравіч

(15.8.1787, г. Табольск — 6.3.1851),

рус. кампазітар, выдатны майстар раманса. У 1825 памылкова абвінавачаны і арыштаваны, у 1828—43 у ссылцы. З вак. твораў найб. папулярныя «Салавей», «Вячэрні звон». Адзін з першых інтэрпрэтатараў паэзіі А.Пушкіна ў музыцы («Я Вас любіў», «Зімовая дарога» і інш.). Аўтар 6 опер, у т. л. «Месячная ноч, або Дамавікі» (1822), «Амалат-Бек» (1847), балета «Чароўны барабан, або Вынік Чароўнай флейты» (1827), сімф. і камерна-інстр. твораў, у т. л. сімфоніі (1830), фп. трыо, музыкі да драм. спектакляў і вадэвіляў, зборнікаў апрацовак укр. нар. песень.

Літ.:

Доброхотов Б. Александр Алябьев: Творческий путь. М., 1966.

т. 1, с. 293

АЛЯКСА́НДР

(1190 ? — 31.5.1223),

князь дубровіцкі. Верагодна, сын кн. Глеба Юр’евіча з тураўскай дынастыі Ізяславічаў, зяць кіеўскага кн. Мсціслава Раманавіча. Упамінаецца ў летапісах з нагоды яго гібелі ў бітве рус. і палавецкіх князёў супраць мангола-татараў на р. Калка.

т. 1, с. 293

АЛЯКСА́НДР

(5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),

вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл. Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл. Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.

М.І.Ермаловіч.

т. 1, с. 293

АЛЯКСА́НДРАВЫ,

рускія кампазітары і харавыя дырыжоры, бацька і сын. Аляксандр Васілевіч (13.4.1883, с. Плахіна Захараўскага р-на Разанскай вобл. — 8.7.1946), нар. арт. СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Ген.-маёр (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1913), з 1918 выкладаў у ёй (праф. з 1922). Арганізатар (1928) і кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі (цяпер яго імя). Прызнанне атрымалі яго песня «Свяшчэнная вайна» і апрацоўка далёкаўсх. партыз. песні «Па далінах і па ўзгорках». Аўтар музыкі былога Дзярж. гімна СССР (1943). Пісаў оперы, вак.-сімф., інстр. творы. Дзярж. прэмія СССР 1942 і 1946. У 1971 устаноўлены залаты і 3 сярэбраныя медалі імя Аляксандравых за лепшыя творы на ваен.-патрыят. тэму. Барыс Аляксандравіч (4.8.1905, г. Балагое — 18.6.1994), нар. арт. СССР (1958). Герой Сац. Працы (1975). Ген.-маёр (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), у 1933—41 выкладаў у ёй. З 1929 дырыжор, у 1946—86 нач. і маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Аўтар шматлікіх песень, аперэт, у т. л. «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), балета «Ляўша» (1954), араторый і інш. Ленінская прэмія 1978, Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія РСФСР 1985. Залаты медаль імя А.В.Аляксандрава (1971). Памяці бацькі прысвяціў кн. «Песня кліча» (1982).

Літ.:

Поляновский Г. А.В.Александров. 2 изд. М., 1983.

т. 1, с. 295

АЛЯКСА́НДРАЎ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл. 68,2 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне (вытв-сць тэлевізараў), хім. (вытворчасць штучнай скуры), лёгкая, харч. прам-сць. Гіст.-арх. і маст. Музей «Аляксандраўская слабада». Вядомы з 14 ст. У 1564—72 рэзідэнцыя рус. цара Івана Грознага. У Аляксандраве адна з першых рус. друкарняў. Помнікі архітэктуры 16—17 ст.

т. 1, с. 295

АЛЯКСА́НДРАЎ Аляксандр Паўлавіч

(н. 20.2.1943, Масква),

сав. касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1983, 1987), лётчык-касманаўт СССР (1983). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.Э.Баўмана (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. Як бортінжынер здзейсніў касм. палёты з У.А.Ляхавым на караблі «Саюз Т-9» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (27.6—23.11.1983), з А.С.Віктарэнкам і М.А.Фарысам на караблі «Саюз ТМ-3» і арбітальным комплексе «Мір» (22.7—29.12.1987). У космасе правёў 309,7 сут.

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРАЎ Анатоль Мікалаевіч

(25.5.1888, Масква — 16.4.1982),

рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРАЎ Анатоль Пятровіч

(13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;

Наука — стране. М., 1983.

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРАЎ Георгій Фёдаравіч

(7.4.1908, С.-Пецярбург — 21.7.1961),

філосаф і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі і філасофіі (1932). Нач. Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б) (1940—47), дырэктар Ін-та філасофіі АН СССР (1947—54), міністр культуры СССР (1954—55). З 1955 у Ін-це філасофіі АН БССР. Аўтар прац: «Арыстоцель» (1940), «Гісторыя сацыялогіі як навука» (1956), «Нарыс гісторыі сацыяльных ідэй у старажытнай Індыі» (1959) і інш. За ўдзел у стварэнні «Гісторыі філасофіі» (т. 1—3, 1940—43) і за кн. «Гісторыя заходнееўрапейскай філасофіі» (2-е выд. 1946) Дзярж. прэміі СССР 1943 і 1946.

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРАЎ Мікалай Мікалаевіч

(11.6.1917, Бранск, Расія — 7.10.1981),

бел. анколаг. Чл.-кар. АМН СССР (1974), д-р мед. н. (1955), праф. (1962). Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Ваен.-мед. акадэмію імя Кірава ў Ленінградзе (1940). З 1950 на кафедры факультэтнай хірургіі гэтай акадэміі. З 1960 дырэктар НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі, адначасова заг. кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Працы па тэорыі пухлінаўтварэння, біяхіміі, імуналогіі, дыягностыцы і лячэнні злаякасных пухлін, арганізацыі проціракавай барацьбы на Беларусі.

Тв.:

Операционный риск и интенсивная терапия в онкологической клинике. Мн., 1976 (у сааўт.);

Применение гипертермии и гипергликемии при лечении злокачественных опухолей. М., 1980 (у сааўт.).

т. 1, с. 296