Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛІ́ (Ali) Махамед [сапр. Клей (Clay) Касіус; н. 17.1.1942, г. Луісвіл, штат Кентукі, ЗША], амерыканскі спартсмен (бокс). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1960, Рым) у паўцяжкай вазе. На прафес. рынгу з 1961. Абсалютны чэмпіён свету сярод прафесіяналаў у цяжкай вазе (1964); 9 разоў адстойваў гэта званне. За адмову ваяваць у В’етнаме ў 1968 пазбаўлены чэмпіёнскага тытула. У 1974 і 1978 вяртаў званне абс. чэмпіёна свету. Удзельнік руху за грамадзянскія правы неграў.

т. 1, с. 253

АЛІБЕ́ГАЎ Іван Якаўлевіч

(сапр. Алібегянц Аганез Акопавіч; 3.12.1886, г. Кутаісі — 1941),

дзярж. і паліт. дзеяч Беларусі. З 1915 у Мінску, ствараў бальшавіцкія арг-цыі ў войсках Зах. фронту. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Мінскага Савета, з вер. 1917 старшыня Мінскага к-та РСДРП(б). На І і II Паўн.-Зах. абл. канферэнцыях РСДРП(б) выбраны нам. старшыні абл. к-та. З ліст. 1917 сакратар Прэзідыума Аблвыкамзаха, камісар працы Зах. вобласці. У 1918 нам. старшыні Паўн.-Зах. к-та РКП(б), адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі. Чл. ЦК КП(б)Б у 1918, ЦВК БССР у 1919. З 1919 у Наркамаце шляхоў зносін. У 1935—41 заг. кафедры, дэкан Маскоўскага ін-та гісторыі, філасофіі і л-ры. Загінуў у Вял. Айч. вайну ў баі пад Вязьмай.

т. 1, с. 254

А́ЛІБІ

(ад лац. alibi у іншым месцы),

у крымінальным працэсе акалічнасць, якая сведчыць пра адсутнасць асобы на месцы злачынства ў момант яго ўчынення; бясспрэчны доказ невінаватасці абвінавачанага па справе, дзе ён прыцягваецца да адказнасці за фізічны ўдзел у злачынстве. Алібі не выключае абвінавачання ў саўдзельніцтве (напр., падбухторванне, дапамога і інш.).

т. 1, с. 254

АЛІБІДЭМІ́Я

(ад а... + лібіда),

поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама

рыт — сыравіна для вогнетрывалых матэрыялаў. Празрысты залаціста-зялёны алівін — каштоўны камень хрызаліт (перыдот).

т. 1, с. 254

АЛІГА...

(ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.

т. 1, с. 254

АЛІГАКЛА́З

(ад аліга... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).

т. 1, с. 254

АЛІГАМЕ́РЫ,

члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5·10​4, у непалярных — 5·10​3. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл. Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.

т. 1, с. 254

АЛІГАПО́ЛІЯ

(ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.А.Мацулевіч.

т. 1, с. 254

АЛІГАПСО́НІЯ

(ад аліга... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў харчавання),

тып рыначнай структуры, у якой у адрозненне ад алігаполіі замест абмежаванай колькасці вытворцаў-прадаўцоў дзейнічае абмежаваная колькасць буйных кампаній-пакупнікоў.

т. 1, с. 254

АЛІГА́РХІЯ

(ад грэч. oligarchia улада нямногіх),

форма праўлення, пры якой улада належыць невял. групе людзей, звычайна найб. радавітых або заможных. Была характэрная для стараж. Афін, у сярэднявеччы для рэспублік Венецыянскай, Генуэзскай, у 17—18 ст. для Рэчы Паспалітай і інш. Алігархіяй называюць таксама саму́ю кіруючую групу, напр. Фінансавая алігархія.

т. 1, с. 254