АЛО́ЎНІКАЎ Уладзімір Уладзіміравіч

(н. 16.1.1919, Бабруйск),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1970). Праф. (1980). Бацька ІУ.Алоўнікава. Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, класы кампазіцыі В.Залатарова і фп. М.Бергера), у 1947—94 педагог у ёй, у 1962—82 рэктар. Аўтар сімфанічнай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Жыццесцвярджальнасцю і лірычнай пранікнёнасцю вызначаюцца шырока вядомыя яго песні: «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня», «Песня пра Брэсцкую крэпасць», «Песня пра К.Заслонава», «Песня аб Мінску», «Недзе ў пасёлку» і інш. Найб. значныя праграмныя сімф. творы: паэмы «Партызанская быль» (1952), «Нарач» (1954), сюіта «Песні міру» (1958); араторыя «Партызанскія песні» (1994).

Інш. тв.: кантата для дзяцей «Усім піянерам таварыш і брат» (памяці М.Казея), «Урачыстая прэлюдыя» і эскіз «Куранты Брэсцкай крэпасці» для сімф. арк.; сюіта «На Палессі» і муз. карцінка «Зорка Венера» для арк. бел. нар. інструментаў; п’есы для фп., скрыпкі і фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Зубрыч І.І. Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970.

І.І.Зубрыч.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)