АЛО́Э

(Aloe),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкакар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).

Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)