АЗО́ВА-СІВА́ШСКАЯ ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,
на Пд Украіны, у Херсонскай вобл. Засн. ў 1957 на базе Азова-Сівашскага запаведніка (1927). Пл. 57,4 тыс. га. Складаецца з 2 ізаляваных участкаў: запаведна-паляўнічай гаспадаркі на касе Біручы Востраў у Азоўскім м. і запаведнай тэр. ў цэнтр. ч. Сівашскага заліва. Створана ў мэтах аховы прыродных комплексаў пясчанага і саланчаковага стэпаў і водна-балотных угоддзяў, а таксама для акліматызацыі і размнажэння еўрап. высакароднага аленя, лані, еўрап. муфлона і фазана. Нізінныя ч. касы і прылеглая акваторыя Утлюцкага лімана — улюбёныя мясціны качак, чапляў, кулікоў.
т. 1, с. 170
АЗО́ЛЫ,
пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).
т. 1, с. 170
АЗО́Н,
O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.
т. 1, с. 170
АЗО́НЧЫК Аляксандр Сямёнавіч
(н. 10.8.1908, в. Яцкавічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мядзельскім р-не ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З 1922 працаваў на сельскай гаспадарцы, з 1939 у органах НКУС. У жн. 1941 арганізаваў партыз. дыверсійную групу, якая дзейнічала ў складзе атрада імя Будзённага, са снеж. 1943 камандзір атрада «Патрыёт» і нач. асобага аддзела брыгады імя Будзённага. У 1944—57 на сав. рабоце.
т. 1, с. 170
АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́
(партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),
архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.
т. 1, с. 170
АЗО́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н,
Азорскі максімум, субтрапічная вобласць высокага атм. ціску над Атлантычным ак. з цэнтрам каля Азорскіх а-воў. Праяўляецца перавагай антыцыкланічнай дзейнасці на працягу ўсяго года, асабліва добра выражаны летам (у ліп. ціск больш за 1025 Па). Прыкметна ўплывае на клімат Паўд. Еўропы і Паўн. Афрыкі, утварае летам адгалінаванне ў напрамку Міжземнага м., зімой у напрамку Сахары. На надвор’е Беларусі ўплываюць паўн.-ўсх. перыферыя або адасобленыя «ядры» азорскага антыцыклону: устанаўліваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі т-рамі паветра (зімой часам да 8 °C і больш, летам да 25—30 °C і вышэй).
т. 1, с. 170
АЗО́Т
(лац. Nitrogenium),
N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў 14N (99,635%) і 15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9·10-3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл. Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл. Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).
т. 1, с. 170
АЗОТАБА́КТЭР
(Azotobacter),
род аэробных азотфіксавальных бактэрый. Жывуць свабодна ў глебе, водным асяроддзі. Упершыню апісаны галанд. вучоным М.Беерынкам (1901). Форма азотабактэру палачкападобная або сферычная, памер 2×5 мкм; грамадмоўныя, могуць перамяшчацца з дапамогай жгуцікаў; з узростам ператвараюцца ў нерухомыя, укрытыя слізістай капсулай сферычныя клеткі (цысты), больш устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя. На працягу росту звязваюць да 20 г малекулярнага азоту на 1 г выкарыстанага вугляводу. Найбольш пашыраны на акультураных глебах Azotobacter chroococcum выкарыстоўваецца для атрымання азотабактэрыну. Прадуцыруюць поліцукрыды, шэраг вітамінаў, антыбіетыкі.
т. 1, с. 171
АЗОТАБАКТЭРЫ́Н,
азотаген, бактэрыяльны прэпарат для абагачэння глебы звязаным азотам. Вырабляецца на аснове аднаго з відаў азотабактэру. Выкарыстоўваюць пад агароднінныя і прапашныя культуры. Уносяць у глебу з насеннем або апрацоўваюць ім клубні, карані расады с.-г. культур, якія не належаць да сям. бабовых. На глебах Беларусі з высокай кіслотнасцю і малой урадлівасцю малаэфектыўны.
т. 1, с. 171