Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗУЛЕНЫ,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць 7-членны цыкл, спалучаны з 5-членным. Належаць да небензоідных араматычных злучэнняў, біпалярныя ў выніку асіметрыі кольцаў. Найпрасцейшы прадстаўнік — азулен, C10H8, мал. м. 128, tпл 99 °C. Азулены маюць сіні ці фіялетавы колер, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры, ізамерызуюцца ў нафталіны, утвараюць комплексы.

Штучна атрымліваюць цыклізацыяй 10-членных цыклічных злучэнняў ці ўзаемадзеяннем пірыдзіну з цыклапентадыенам. Ёсць у эфірных алеях рамонку, палыну і інш. раслін.

т. 1, с. 172

АЗУРЫ́Т

(ад франц. azur лазур, блакіт),

мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.

т. 1, с. 172