Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗЁМША Іван Паўлавіч

(1851, в. Лучыцы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 1916),

бел. нар. казачнік. У рэпертуары Азёмшы паданні, легенды, казкі, апавяданні на фантаст. і касмаганічныя сюжэты. Яго цікавілі пытанні пра стварэнне свету і чалавека, пра душу, замагільнае жыццё і г.д. Яркай гутарковай мовай расказваў сатыр. бытавыя казкі, у якіх маляваў каларытныя вобразы зайздроснага папа, прагнага багацея і спрытнага мужыка («Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп», «Завісны багатыр», «Вада памагла», «Хаўрус» і інш.). З 80 твораў у кн. А.К.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911) 32 запісаны ад Азёмшы.

т. 1, с. 162

АЗЁРАЗНА́ЎСТВА,

лімналогія, галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.

Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.А.Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.М.Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.С.Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.І.Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.М.Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).

Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.П.Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.П.Якушка.

т. 1, с. 162

АЗЁРНАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне зямной паверхні, запоўненае вадой (возера, сажалка, вадасховішча), замкнёнае або адкрытае (калі праз яго цячэ рака). У азёрнай катлавіне вылучаюць надводную (схілы і берагі) і падводную часткі. Частка катлавіны, запоўненая вадой, наз. азёрнай чашай.

Узнікаюць азёрныя катлавіны ад уздзеяння ўнутр. і знешніх працэсаў, а таксама антрапагеннай дзейнасці. Падзяляюцца на тэктанічныя, ледавіковыя, тэрмакарставыя, карставыя, суфазійныя, ліманныя, завальныя (плацінныя), старычныя (лоймавыя) і інш.

т. 1, с. 162

АЗЁРНАЯ ПЯЧО́РА,

гіпсавая пячора на З Падольскага ўзвышша, на Украіне. Даўж. каля 80 км. Уяўляе сабой двухпавярховы лабірынт. Ёсць пастаянныя праточныя азёры з мінералізаванай вадой. Характэрны сталактыты і сталагміты, трапляюцца ааліты. Аб’ект турызму.

т. 1, с. 163

АЗЁРНАЯ РУДА́,

карысныя выкапні ў расолах і донных адкладах азёраў і балот. Можа быць вадкая і цвёрдая. Вадкая — растворы калій-натрыевых соляў бяссцёкавых азёраў сухіх і гарачых абласцей, воды азёраў з павышанай канцэнтрацыяй літыю. Цвёрдая азёрная руда — донныя асадкі гідравокіслаў жалеза, якія залягаюць у выглядзе пластоў, праслоек, жаўлакоў, лінзаў, магутнасцю ад некалькіх сантыметраў да 2—3 м. Прамысл. значэння не мае.

т. 1, с. 163

АЗЁРНАЯ ЧА́ША,

азёрнае ложа, частка азёрнай катлавіны, запоўненая вадой да вышыні макс. падымання ўзроўню. У азёрнай чашы вылучаюць мелкаводную частку — літараль і сублітараль да глыбіні, дзе назіраецца ўплыў хваляў на дно. Глыбакаводная зона — прафундаль — укрыта глеямі і сапрапелямі. Форма і памеры азёрнай чашы на працягу геал. перыяду мяняюцца ў выніку намнажэння азёрных адкладаў.

т. 1, с. 163

АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,

віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл. Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.

т. 1, с. 162

АЗЁРНА-ТАВА́РНАЯ РЫ́БНАЯ ГАСПАДА́РКА,

арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял. акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.

т. 1, с. 162

АЗЁРНЫ,

пасёлак у Беларусі, у Кліноцкім с/с Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр рыбгаса «Волма». За 25 км на З ад г. Чэрвень, 50 км ад Мінска і чыг. ст. Мінск. 395 ж., 157 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей польскага кампазітара С.Манюшкі, помнік на месцы б. сядзібы Убель, дзе нарадзіўся кампазітар.

т. 1, с. 163

АЗЁРНЫ,

пасёлак у Беларусі, у Юркевіцкім с/с Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр доследнага рыбгаса «Белае». За 35 км ад Жыткавічаў, 268 км ад Гомеля, 17 км ад раз’езда Дзедаўка. 308 ж., 102 двары (1995). Дом культуры, бібліятэка.

т. 1, с. 163