Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗА...,

састаўная частка назвы рада хім. злучэнняў, у склад якіх уваходзіць азот, напр., азазлучэнні, азафарбавальнікі.

т. 1, с. 149

АЗААСПЕРМІ́Я

(а... + заа... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у сперме сперматазоідаў пры наяўнасці іх папярэдніх формаў (клетак сперматагенезу, прадуктаў сакрэцыі прастаты і семявых пузыркоў); адна з прычын бясплоддзя ў мужчын. Азааспермія могуць выклікаць прыроджаныя (генет.) парушэнні, таксічныя ўздзеянні радыеактыўных і хім. рэчываў, хваробы палавых органаў.

т. 1, с. 150

АЗАБЕНЗО́Л,

найпрасцейшае араматычнае азазлучэнне, C6H5N = NC6H5. Мал. м. 182,22, аранжава-чырв. крышталі, устойлівы транс-ізамер, t пл. 68 °C. Нерастваральны ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Атрымліваюць аднаўленнем нітрабензолу. Вытворныя азабензолу — азафарбавальнікі і змякчальнікі для гумы.

т. 1, с. 150

АЗАГЕ́НЫ,

рэчывы для халоднага фарбавання; прадукты, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу азафарбавальнікаў непасрэдна на валакністых матэрыялах. Найб. пашыраны азатолы і дыазолі.

Азатолы — арыламіды шэрагу араматычных кіслот (напр., 3-гідраксі-2-нафтойнай кіслаты) ці β-кетакіслот (напр., ацэтавоцатнай кіслаты) — крышталічныя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, пры награванні са шчолачамі ўтвараюць водарастваральныя солі. Дыазолі — стойкія формы дыазазлучэнняў, пераважна двайныя солі з хлорыстым цынкам, араматычнымі сульфакіслотамі (крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, пры награванні ці ўдары ўзгараюцца, пылапаветраныя сумесі іх выбухованебяспечныя). Для змяншэння небяспечных уласцівасцей дыазолі змешваюць з напаўняльнікамі (сернакіслымі солямі натрыю ці алюмінію).

Азагены змяшчаюцца на матэрыялах (цэлюлозных, поліамідных, поліэфірных, поліакрыламідных валокнах, тканінах, пражы) і пры адпаведнай апрацоўцы (гл. Фарбаванне) надаюць ім яркую і трывалую афарбоўку любога колеру.

Выкарыстоўваюцца пры друкаванні на тканінах.

т. 1, с. 150

АЗАДЗІ́ Даўлетмамед

(1700—60),

туркменскі паэт і вучоны. Бацька Махтумкулі. Прыхільнік містычнай плыні ў ісламе — суфізму. Займаўся тэорыяй верша. Асн. твор — дыдактычная паэма «Пропаведзь Азадзі» («Вагзі-Азад») — разважанні пра справядлівага правіцеля, маральна-этычныя нормы паводзін, развіццё гандлю і земляробства. Мова паэмы архаічная, насычаная арабаперсідскімі элементамі.

т. 1, с. 150

АЗАДО́ЎСКІ Марк Канстанцінавіч

(18.12.1888, г. Іркуцк — 24.11.1954),

рус. фалькларыст, этнограф, літ.-знавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Даследаваў праблемы казказнаўства, асобныя жанры фальклору («Ленскія галашэнні», 1922; «Верхняленскія казкі», 1938), сувязь вуснай нар. творчасці і л-ры («Руская казка», т. 1—2, 1932; «Артыкулы па літаратуры і фальклоры», 1960, і інш.). Найб. значная праца «Гісторыя рускай фалькларыстыкі» (т. 1—2, 1958—63) змяшчае факты з гісторыі збірання і вывучэння бел. нар. творчасці. Бел. фальклорны матэрыял выкарыстаў у каментарыях да складзенага ім зб. «Народныя казкі пра бога, святых і папоў: Рускія, беларускія і ўкраінскія» (1963).

т. 1, с. 150

АЗАЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя арганічныя злучэнні, якія змяшчаюць азагрупу -N=N-, звязаную з двума радыкаламі. Радыкалы бываюць аліфатычныя, араматычныя ці гетэрацыклічныя з функцыян. групамі (OH, NH​2, CN) або без іх. Найпрасцейшыя азазлучэнні — азаметан CH3N=NCH3, азабензол. Для азазлучэнняў характэрна цыс- і трансізамерыя, для оксізамяшчальных — таўтамерыя. Асн. метад атрымання — азаспалучэнне. Аліфатычныя азазлучэнні выкарыстоўваюць як ініцыятары палімерызацыі і сітавінаўтваральнікі, араматычныя з OH- і NH2-групамі як сінт. азафарбавальнікі і кіслотна-асноўныя індыкатары ў аналітычнай хіміі.

т. 1, с. 150

АЗАКЕРЫ́Т

(ад грэч. ozo пахну + keros воск),

горны воск, мінерал, прыродны нафтавы бітум; сумесь цвёрдых насычаных вуглевадародаў. Колер ад светла-жоўтага да амаль чорнага. Кансістэнцыя ад мяккай, пластычнай да цвёрдай. Цв. 1. Шчыльн. 0,85—1 г/см³, tпл. 50—85 °C.

Азакерыт — парафіністы асадак, які выпадае з нафты пры яе ахаладжэнні ў выніку падняцця на паверхню па трэшчынах. Залягае ў жылах, пластах. Выкарыстоўваецца ў радыё-, электратэхніцы, парфумернай і лакафарбавай прам-сці, медыцыне (гл. Азакерыталячэнне).

т. 1, с. 150

АЗАКЕРЫТАЛЯЧЭ́ННЕ,

азакерытатэрапія, метад гразе- і цеплалячэння, заснаваны на выкарыстанні азакерыту. Асн. спосаб — накладванне аплікацый. Спалучае цеплафіз. (за кошт награвання высокацеплаёмістага азакерыту да пэўнай т-ры) і хім. (за кошт біял. актыўных рэчываў азакерыту) уздзеянні на арганізм. Механізмы ўплыву рэалізуюцца праз рэакцыі мясцовага (паляпшэнне крова- і лімфазвароту, нервовай трофікі, процізапаленчыя, абязбольваючыя і рассысальныя эфекты) і агульнага (рэфлекторна-гумаральныя змены ў дзейнасці асн. фізіял. сістэм) характару. Аптымальны эфект мае, калі цеплавая нагрузка не з’яўляецца для арганізма празмернай і не перакрывае біяхім. змены на малекулярным, субклетачным і клетачным узроўнях. Выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях апорна-рухальнага апарату, вуха, горла, носа, пры траўмах, спайкавых працэсах у брушной поласці, малым тазе і інш. Проціпаказана пры наяўнасці пухлін, актыўных формах туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых хваробах, вострых запаленчых працэсах.

т. 1, с. 150

АЗА́Л

(Özal) Тургут (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),

дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на палііт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.

т. 1, с. 150