АЗАКЕРЫТАЛЯЧЭ́ННЕ,
азакерытатэрапія, метад гразе- і цеплалячэння, заснаваны на выкарыстанні азакерыту. Асн. спосаб — накладванне аплікацый. Спалучае цеплафіз. (за кошт награвання высокацеплаёмістага азакерыту да пэўнай т-ры) і хім. (за кошт біял. актыўных рэчываў азакерыту) уздзеянні на арганізм. Механізмы ўплыву рэалізуюцца праз рэакцыі мясцовага (паляпшэнне крова- і лімфазвароту, нервовай трофікі, процізапаленчыя, абязбольваючыя і рассысальныя эфекты) і агульнага (рэфлекторна-гумаральныя змены ў дзейнасці асн. фізіял. сістэм) характару. Аптымальны эфект мае, калі цеплавая нагрузка не з’яўляецца для арганізма празмернай і не перакрывае біяхім. змены на малекулярным, субклетачным і клетачным узроўнях. Выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях апорна-рухальнага апарату, вуха, горла, носа, пры траўмах, спайкавых працэсах у брушной поласці, малым тазе і інш. Проціпаказана пры наяўнасці пухлін, актыўных формах туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых хваробах, вострых запаленчых працэсах.
т. 1, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)