АЗІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, наіраванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).
т. 1, с. 164
АЗІ́З НЕСІ́Н
(Aziz Nesin; сапр. Нусрэт Махмуд; н. 20.12.1915, г. Стамбул),
турэцкі пісьменнік. Заснавальнік жанру паліт. сатыры ў тур. л-ры. Аўтар зб-каў апавяданняў «Слон па мянушцы Хамдзі» (1955), «Вар’яты на волі» (1957), «Няхай жыве Айчына» (1975), «Вітаю цябе, маё сямідзесяцігоддзе» (1984), раманаў «Кароль футбола» (1957), «Зюбюк» (1961), зб. казак «У некаторым царстве» (1958), п’ес з філас.-этычнай праблематыкай «Ідзіце сюды!» (1962), «Дуэт адной жанчыны» (1979) і інш. Творы адметныя вострай сац.-паліт. праблематыкай; спалучаюць іншасказанні, супастаўленні, камічнае пераасэнсаванне з гіпербалізацыяй і гратэскам. Шырокую вядомасць набыў пасля прысуджэння італьян. літ. прэміі «Залатая пальмавая галіна» (1956, 1957).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. М., 1985.
т. 1, с. 164
АЗІ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў ранняга мезаліту (у асн. 8-е тыс. да н.э.), якія насялялі тэр. паўд. Францыі і паўн. ч. Пірэнейскага п-ва. Назва ад пячоры Мас-д’Азіль у дэпартаменце Ар’еж (Францыя), дзе ў 19 ст. даследаваны 2 стаянкі. Узнікла на аснове папярэдняй культуры мадлен. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Для азільскай культуры характэрны дробныя крамянёвыя прылады (мікраліты), невял. гарпуны з касцей высакароднага аленя і т.зв. азільскія галькі з умоўнымі малюнкамі чырв. вохрай.
т. 1, с. 164
А́ЗІМАЎ
(Asimov) Айзек (2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),
амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.
Тв.:
Mind transfer. New York, 1988;
Рус. пер. — Конец вечности;
Сами боги. М., 1990;
Основание;
Основание и Империя;
Второе основание: Романы. Мн., 1992;
Камешек в небе. Мн., 1993.
т. 1, с. 164
АЗІ́МАЯ СО́ЎКА
(Agrotis segetum),
насякомае атрада матылёў. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі.
Размах крылаў 4—5 см. Пярэднія крылы шэрыя або амаль чорныя з плямамі, заднія — белыя. Актыўныя ўначы. Самка вельмі пладавітая, адкладвае больш за 2 тыс. яец. Матылькі жывяцца нектарам кветак, сокам раслін, вусені — травяністымі раслінамі. Шкоднікі с.-г. культур: псуе высеянае зерне азімых злакаў, шкодзіць руні, кукурузе, сланечніку, бавоўніку і інш. раслінам.
т. 1, с. 164
АЗІМЗАДЭ́ Азім Аслан аглы
(7.5.1880, с. Наўханы каля Баку — 15.6.1943),
азербайджанскі мастак. Нар. мастак Азербайджана (1927). Заснавальнік азерб. сатыр. графікі. Аўтар серый малюнкаў, карыкатур, станковых акварэляў, якія адлюстроўваюць жыццё, побыт, звычаі азерб. народа («Хаджы ў розных жыццёвых выпадках», 1915, «100 тыпаў дарэвалюцыйнага Баку», 1937). У гады Айч. вайны ствараў паліт. карыкатуры і плакаты.
т. 1, с. 164
А́ЗІМУТ
(ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны),
утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.
т. 1, с. 165
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.
т. 1, с. 165
А́ЗІН Уладзімір Марцінавіч
(8.10.1895, в. Мар’янава Полацкага р-на — 18.2.1920),
ваенны дзеяч. Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. Працаваў у Рызе, Полацку. З 1916 у арміі. На чале батальёна, Арскай групы, зводнай і стралк. дывізій змагаўся супраць белагвардзейцаў і белачэхаў, войскаў Калчака на Урале, Дзянікіна пад Царыцынам, у Сальскіх стэпах, на Доне і інш. 17.2.1920 узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай. У Полацку помнік Азіну.
Літ:. Тараткевіч М. Уладзімір Азін. Мн., 1971.
т. 1, с. 165
А́ЗІНА,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Белае». За 18 км на ПнЗ ад Полацка, 115 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Баравуха 1-я. 743 ж., 347 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Музей У.М.Азіна. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 1, с. 165