АЗЯМБЛО́ЎСКІ Юзаф
(каля 1804, Мінск — 27.8.1878),
мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, Ф.Бохвіц, Ю.Струміла, Я.Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.
В.Ф.Шматаў.
т. 1, с. 172
АЗЯРА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., у басейне р. Сіпа (працякае праз возера). Пл. 0,49 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 0,55 км, найб. глыб. 3,8 м. Пл. вадазбору каля 25 км². Берагі спадзістыя, уздоўж іх возера зарастае. Пойма забалочаная.
т. 1, с. 172
АЗЯРА́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Сцвіга. Цэнтр сельсавета і калгаса «Савецкая Беларусь». За 29 км на Пд ад г. Жыткавічы, 300 км ад Гомеля. 608 ж., 250 двароў (1994). Дрэваапрацоўчы цэх Прыпяцкага запаведніка, Азяранскае лясніцтва. Сярэдняя і музычная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Селішчы ранняга жал. веку і эпохі феадалізму.
т. 1, с. 172
АЗЯРА́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Друць. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Крупскай. За 36 км на ПнЗ ад Рагачова, 155 км ад Гомеля. 689 ж., 289 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля Азяран стараж. гарадзішча (8—7 ст. да н.э. — 1—2 ст. н.э.) і курганны могільнік дрыгавічоў (11—12 ст.).
т. 1, с. 172
АЗЯРА́ЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1942 да ліп. 1944 у в. Азяраўцы і суседніх вёсках Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 26 чал., падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Жукава, вяло развед. работу ў ням. гарнізонах Даўгаўпілса, Вільнюса, праводзіла дыверсіі.
т. 1, с. 173
АЗЯРКО́,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 12 км на ПнУ ад Лепеля. Пл. 0,26 км², даўж. 0,95 км, найб. шыр. 0,45 км. Пл. вадазбору 3 км². Схілы катлавіны пласкахвалістыя, выш. да 10 м, разараныя. Зарастае слаба.
т. 1, с. 173
АЗЯРНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Прагрэс». За 34 км на З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Азярніца. 442 ж., 173 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца. Царква.
Упершыню ўпамінаецца ў 1478 сярод «прысёлкаў» маёнтка Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У 15—16 ст. належала Б.Мілашэвічу, Б.Багавіцінавічу, І.Гарнастаю. У 1886 — 418 ж., 39 двароў, школа, царква, сінагога, штогод праводзіліся 2 кірмашы. З 1940 цэнтр сельсавета.
т. 1, с. 173
АЗЯРНО́Е,
паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз. Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.
т. 1, с. 173
АЗЯРО́Д,
1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.
2) Бел. нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.
т. 1, с. 173
АЗЯРО́К,
Азяркі, возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка. Пл. 0,28 км², найб. глыб. 8 м. Пл. вадазбору каля 4 км². Схілы выш. 8—10 м, парослыя хмызняком, у верхняй частцы разараныя. Берагі пясчаныя і затарфаваныя. Дно плоскае, пясчанае, глыбей за 2,5 м глеістае. Сцёк у р. Аўсянка. Расліннасць уздоўж берагоў, у яе складзе вадзяны арэх плывучы — рэлікт даледавіковай флоры (ахоўны від на Беларусі).
т. 1, с. 173