АЗАГЕ́НЫ,
рэчывы для халоднага фарбавання; прадукты, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу азафарбавальнікаў непасрэдна на валакністых матэрыялах. Найб. пашыраны азатолы і дыазолі.
Азатолы — арыламіды шэрагу араматычных кіслот (напр., 3-гідраксі-2-нафтойнай кіслаты) ці β-кетакіслот (напр., ацэтавоцатнай кіслаты) — крышталічныя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, пры награванні са шчолачамі ўтвараюць водарастваральныя солі. Дыазолі — стойкія формы дыазазлучэнняў, пераважна двайныя солі з хлорыстым цынкам, араматычнымі сульфакіслотамі (крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, пры награванні ці ўдары ўзгараюцца, пылапаветраныя сумесі іх выбухованебяспечныя). Для змяншэння небяспечных уласцівасцей дыазолі змешваюць з напаўняльнікамі (сернакіслымі солямі натрыю ці алюмінію).
Азагены змяшчаюцца на матэрыялах (цэлюлозных, поліамідных, поліэфірных, поліакрыламідных валокнах, тканінах, пражы) і пры адпаведнай апрацоўцы (гл. Фарбаванне) надаюць ім яркую і трывалую афарбоўку любога колеру.
Выкарыстоўваюцца пры друкаванні на тканінах.
т. 1, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)