АЗОТАБА́КТЭР

(Azotobacter),

род аэробных азотфіксавальных бактэрый. Жывуць свабодна ў глебе, водным асяроддзі. Упершыню апісаны галанд. вучоным М.Беерынкам (1901). Форма азотабактэру палачкападобная або сферычная, памер 2×5 мкм; грамадмоўныя, могуць перамяшчацца з дапамогай жгуцікаў; з узростам ператвараюцца ў нерухомыя, укрытыя слізістай капсулай сферычныя клеткі (цысты), больш устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя. На працягу росту звязваюць да 20 г малекулярнага азоту на 1 г выкарыстанага вугляводу. Найбольш пашыраны на акультураных глебах Azotobacter chroococcum выкарыстоўваецца для атрымання азотабактэрыну. Прадуцыруюць поліцукрыды, шэраг вітамінаў, антыбіетыкі.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)