Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭ́КЕРЭЙ (Thackeray) Уільям Мейкпіс (18.7.1811, г. Калькута, Індыя — 24.12.1863),

англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік англ. рэалізму. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (1828—29). Творчую дзейнасць пачаў як мастак-карыкатурыст (2000 малюнкаў увайшлі ў кн. «Тэкерыяна», 1875). Друкаваўся з 1836. Гал. тэма яго твораў — выкрыццё заган тагачаснага англ. грамадства. Аўтар сатырыка-гумарыстычных «Нататкі Жаўтаплюша» (1840), «Пендэніс» (1850), гіст. «Гісторыя Генры Эсманда» (1852), «Віргінцы» (1857) раманаў, сямейнай хронікі «Ньюкамы» (1855). Вяршыня яго творчасці — раман «Кірмаш пыхлівасці» (1848), у якім паказаў жыццё простых людзей у перыяд напалеонаўскіх войнаў, узняў вострыя маральна-паліт. і сац.-грамадскія праблемы. Аўтар шматлікіх аповесцей, вершаў, кніг эсэ, у т. л. сатыр. «Кніга снобаў» (1847), літ.-крытычных нарысаў («Англійскія гумарысты XVIII ст.», 1853), цыкла пародый («Раманы славутых літаратараў», 1847), рэцэнзій, перакладаў і інш. Яго творы адметныя сюжэтнай разгалінаванасцю, займальнасцю інтрыгі, рытмічнай разнастайнасцю, насычаны каламбурамі, матывамі маскі, марыянеткі. На бел. сцэне паводле казкі Т. пастаўлены спектакль «Пярсцёнак і ружа» (1999, Гродзенскі абл. драм. т-р).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—12. М., 1974—80.

Літ.:

Вахрушев В.С. Творчество Теккерея. Саратов, 1984;

Уильям Мейкпис Теккерей: Творчество. Воспоминания. Библиогр. разыскания. М., 1989;

Теккерей в воспоминаниях современников. М., 1990.

Е.​А.​Лявонава.

У.Тэкерэй.

т. 16, с. 107

ТЭ́КЛІЦ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (выцякае з возера), за 13 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 2 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі 5,5 км, пл. вадазбору 32,9 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—8 м (на У да 10 м), пад лесам, участкамі разараныя. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў да глыб. 0,5 м пясчанае. Моцна зарастае. Упадаюць 2 ручаі, у т. л. з воз. Луконец. Возера зарыблялася сярэбраным карасём.

т. 16, с. 107

ТЭКС (ад лац. texo тку, пляту),

пазасістэмная адзінка лінейнай шчыльнасці валокнаў або нітак. Т. роўны лінейнай шчыльнасці адпаведнага цела (валакна, ніткі і інш.), маса якога роўная 1 г, а даўж. 1 км. Абазначаецца тэкс. 1 тэкс = 1 г/км = 10​−6 кг/м. Метрычны нумар нітак N звязаны з Т. формулай N = 10​−3/тэкс (азначае даўж. 1 г нітак у метрах, напр., 1 г нітак № 40 мае даўжыню 40 м). Выкарыстоўваюцца таксама кратная адзінка кілатэкс (10​3 тэкс) і дольная адзінка мілітэкс (10​−3 тэкс).

т. 16, с. 107

«ТЭКСА́КА ІНК.»

(Texaco Inc.),

буйная нафтагазавая манаполія ЗША. Здабывае і перапрацоўвае энергет. сыравіну (пераважна нафту і газ), вырабляе і рэалізуе альтэрнатыўныя віды энергіі, масла і паліва, кіруе гандл. і трансп. падраздзяленнямі. Засн. ў 1902 як «Тэксас К°». З 1959 сучасная назва. У 2001 аб’ядналася з кампаніяй «Шэўрон карп.» і стала наз. «Шэўрон Тэксака карп.» Штаб-кватэра ў г. Сан-Францыска. Агульныя запасы нафты і газавага кандэнсату 11,5 більёнаў барэляў, аб’ём здабычы 2,7 млн. барэляў (2001). Мае 35 нафтаперапр. з-даў, 51 танкер, сетку трубаправодаў, 14 н.-д. цэнтраў у 7 краінах, 25 тыс. станцый абслугоўвання па ўсім свеце. У вытв-сці занята 53 тыс. чал. (2001).

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 107

ТЭКСТ (ад лац. textus тканіна, злучэнне),

паслядоўнасць выказванняў на пэўнай мове, структурна і семантычна суаднесеных у пісьмовым ці вусным маўленні (у сінтагматыцы) такім чынам, што яны набываюць сэнсавую цэласнасць, лагічную звязнасць, адносную завершанасць, прадметна-тэматычнае адзінства. З заканчэннем працэсу стварэння вербальнага Т. чалавек пакідае мову як сістэму рознаўзроўневых адзінак і правіл іх спалучэння і мае справу з Т. не як мовазнаўчай з’явай, а феноменам слоўнай творчасці ў галіне маст. л-ры, публіцыстыкі, навукі і інш. На гэтай падставе паняцце Т. набывае культуралагічную каштоўнасць і пашыраецца на звязную сукупнасць знакаў у любой форме камунікацыі (музыка, танец, гульня, крыптаграфія, рэлігія, рытуалы, абрады, дызайн і інш. семіялагічныя сістэмы); культура ва ўсіх яе разгалінаваннях разглядаецца як сукупнасць шматлікіх і разнастайных Т., якія чалавек, паступова засвойваючы нац. культуру, вучыцца чытаць. Існуюць 2 роднасныя навукі, аб’ектам вывучэння якіх служаць Т.: тэксталогія і тэорыя Т. (інш. назвы — лінгвістыка Т., граматыка Т., структура Т.), якая даследуе Т. перш за ўсё з лінгвістычных пазіцый — суадносіны і функцыянаванне моўных адзінак.

Слова «Т.». выкарыстоўваецца і ў больш вузкіх значэннях (аўтарскі Т. без дадаткаў і каментарыяў да яго; слоўная частка выдання тыпу альбом, буклет, чарцяжы і інш.; словы для муз. твора — песні, хора, оперы і інш.) і спец. значэннях (урывак з твора славеснасці для вучэбных мэт, рэкламны Т.); у друкарскай справе — шрыфт, кегль (памер роўны 20 пунктам — каля 7,5 мм).

Літ.:

Лотман Ю.М. Структура художественного текста. М., 1970;

Текст и аспекты его рассмотрения. М., 1977;

Лингвистика текста. М., 1978;

Текст как психолингвистическая реальность. М., 1982;

Текст как обьект комплексного анализа в вузе. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 107

ТЭКСТАЛІ́Т (ад лац. textus тканіна + грэч. lithos камень),

матэрыял, які складаецца з некалькіх слаёў тканіны (напаўняльнік), прамочаных (звязаных) сінтэтычнай смалой. Вырабляецца ў выглядзе труб, пруткоў, пліт, лістоў.

Напаўняльнікамі могуць быць натуральныя (бязь, міткаль, шыфон і інш.), штучныя і сінтэтычныя арганічныя (віскозныя, поліамідныя, поліэфірныя і інш.) тканіны, а таксама нятканыя матэрыялы. Т. з напаўняльнікам са шкловалакна наз. шклотэксталітам, з азбесту — азбатэксталітам. Т. выкарыстоўваецца для вытв-сці падшыпнікаў слізгання, электраразмеркавальных панэляў, шківаў, радзей шасцерняў і інш.

т. 16, с. 108

ТЭКСТАЛО́ГІЯ (ад тэкст + ... логія),

галіна філалогіі, якая вывучае гісторыю тэксту твораў пісьменства, л-ры і фальклору для далейшага даследавання і публікацыі. Гал. яе задача — устанаўленне і крытычнае прачытанне тэксту на падставе вывучэння крыніц (рукапісаў, друкаваных выданняў), класіфікацыі і інтэрпрэтацыі перапрацовак тэксту, выяўлення скажэнняў, зробленых пабочнымі асобамі. Адрозніваюць Т. ант., сярэдневяковай і новай л-р. Своеасаблівыя праблемы мае Т. фальклору, паколькі творы вуснай нар. творчасці існуюць у мностве раўнапраўных варыянтаў. Т. патрабуе шырокай дасведчанасці даследчыка, выкарыстання даных бібліяграфіі, крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі, герменеўтыкі, гісторыі грамадскай думкі, мовы, арфаграфіі, гісторыка-літ. і агульнагіст. звестак і г.д. Тэксталагічнае даследаванне выступае і як частка літ.-знаўчага метаду, як спосаб вывучэння л-ры. звязана з гісторыяй і тэорыяй л-ры. У зменах тэксту адлюстроўваюцца заканамернасці развіцця л-ры і розныя грамадскія тэндэнцыі. На падставе гісторыі тэксту рэканструюецца творчы працэс і даследуецца творчая гісторыя літ. твора. Прыватнымі пытаннямі гісторыі тэксту з’яўляюцца атрыбуцыя, датаванне, лакалізацыя. Пры выданні літ. твораў (навук. эдыцыі) тэкстолагі вырашаюць шэраг праблем: адбор і размеркаванне твораў, выбар тэкстаў, складанне даведачнага апарату (уступны артыкул, каментарый, паказальнік), транскрыпцыя (перадача тэксту са зменамі знешніх прыёмаў пісьма ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі пры захаванні зместу і стылю арыгінала).

Выданні падзяляюцца на папулярныя і навуковыя: навуковыя — на дыпламатычныя (дакладна перадаюць тэкст крыніцы) і крытычныя; факсімільнае выданне захоўвае і знешні выгляд крыніцы. Вышэйшым тыпам навук. выданняў з’яўляецца акад. выданне. Гісторыя Т. пачынаецца з ант. філалогіі. Т. новага часу бярэ пачатак ад філал. даследаванняў гуманістаў і навук. выданняў класічных тэкстаў у эпоху Адраджэння. Т. з прыкладной дысцыпліны паступова ператварылася ў самаст. навуку, стала неабходнай часткай літ.-знаўчага даследавання, мае вял. гіст.-культ. значэнне.

На Беларусі тэксталагічнымі прыёмамі карысталіся Ф.​Скарына, С.​Будны, складальнікі і рэдактары статута ВКЛ, летапісных зводаў, выдаўцы ананімных паэм Я.​Карскі і Е.​Раманаў, супрацоўнікі выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якія рыхтавалі падпісную серыю «Беларускія песняры» (творы Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, пераклад «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча, усяго 6 тамоў). Навук. даследаванне бел. летапісаў распачаў І.​Даніловіч, помнікі бел. пісьменнасці выдавала Віленская археагр. камісія і інш. Т. стараж. л-ры абумоўлена спецыфікай сярэдневяковага пісьменства, характарам бытавання яго помнікаў (пераважна ў рукапісах), асаблівасцямі працы стараж. кніжнікаў і інш. Неразвітасць аўтарскага пачатку і звязаная з гэтым ананімнасць многіх твораў, няўстойлівасць тэксту, наяўнасць розных спісаў і рэдакцый аднаго і таго ж помніка, адсутнасць аўтарскага тэксту, шматмоўнасць пісьмовай спадчыны Беларусі стараж. перыяду, своеасаблівасць культ.-гіст. кантэксту, у якім узнікалі і бытавалі літ. творы, ствараюць дадатковыя цяжкасці для даследчыка-медыявіста і часам робяць немагчымым грунтоўнае вывучэнне пісьмовага помніка без яго тэксталагічнага даследавання. Непасрэднаму літ.-знаўчаму аналізу твора папярэднічаюць пошук і вывучэнне яго розных спісаў, атрыбуцыя рукапісаў, у якіх ён захаваўся, вызначэнне іх складу, часу і месца ўзнікнення, прачытанне тэксту і параўнанне яго з інш. спісамі, выяўленне і асэнсаванне розначытанняў, высвятленне месца дадзенага спісу сярод інш. спісаў і рэдакцый, па магчымасці, рэканструкцыя пратографа або нават тэксту, блізкага да аўтарскага. Спецыфіку і асаблівыя цяжкасці мае тэксталагічнае даследаванне летапісаў, якія звычайна ўяўляюць сабой складаныя зводы-кампіляцыі розных тэкстаў і літ. твораў рознага часу і розных аўтараў. Прынцыпы і правілы публікацыі помнікаў стараж. пісьменства залежаць ад тыпу і характару выдання (навук., навук.-папулярнае, у арыгінале ці ў перакладзе на сучасную мову). Значную працу па выяўленні, зборы і апісанні рукапісаў, вывучэнні помнікаў бел. пісьменства зрабіў Карскі. Тэксталагічнае даследаванне бел. летапісаў, пачатае ў 19 ст. Даніловічам, у 20 ст. прадоўжылі А.​Шахматаў і Ф.​Сушыцкі, пашырылі і паглыбілі М.​Улашчык і В.​Чамярыцкі; Зроблена археагр. апісанне ўсіх летапісных спісаў, высветлены іх узаемаадносіны і ўдакладнена класіфікацыя, праведзена тэксталагічнае параўнанне гэтых помнікаў са стараж.-рус. летапісамі і польскімі хронікамі, даследаваны ўзнікненне, крыніцы і літ. гісторыя летапісных зводаў, падрыхтавана іх навук. выданне ў «Поўным зборы рускіх летапісаў». Значны ўклад у вывучэнне і выданне помнікаў бел. пісьмовай спадчыны зрабіў А.​Коршунаў, які падрыхтаваў першую «Хрэстаматыю па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), творы Афанасія Філіповіча і Скарыны, асобныя помнікі мемуарнай л-ры Беларусі 16—17 ст. Гіст.-літ. і тэксталагічнае даследаванне і публікацыю твораў стараж. бел. паэзіі ажыццявіў І.​Саверчанка («Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палавіна XVII ст.», 1992), агіяграфіі і Кірылы Тураўскага — А.​Мельнікаў («Кніга жыцій і хаджэнняў», 1994; «Кірыл, епіскап Тураўскі», 1997), паломніцкай л-ры — С.​Гаранін («Шляхамі даўніх вандраванняў», 1999).

Станаўленне Т. бел. л-ры адбылося ў 1920—30-я г. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле І.​Замоціна, Я.​Барычэўскага, А.​Вазнясенскага, В.​Мачульскага, М.​Піятуховіча выдадзены навук.-каменціраваныя зборы твораў («Творы» М.​Багдановіча, т. 1—2, 1927—28; «Матчын дар» А.​Гаруна, 1929; аднатомнікі твораў Цёткі і П.​Труса, 1934, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны актыўная праца ў галіне Т. бел. л-ры разгорнута ў Ін-це л-ры АН Беларусі, дзе пры сектары дакастр. л-ры створана тэксталагічная група (узначальвалі В.​Барысенка, Ю.​Пшыркоў). Асн. намаганні скіроўваліся на выданне спадчыны пісьменнікаў-класікаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, помнікаў стараж. пісьменства. Значнай падзеяй стаў выхад першых навукова каменціраваных збораў твораў Я Купалы (т. 1—6, 1952—54; 1961—63) і Я.​Коласа (т. 1—12, 1961—64). Выдадзены таксама зборы твораў Дуніна-Марцінкевіча (1958), Багдановіча (т. 1—2, 1968), «Александрыя» (1962), «Прадмовы і пасляслоўі» Скарыны (1969), «Творы» Багушэвіча (1967). У зборы твораў Я.​Купалы (1961—63) у якасці крыніц асн. тэксту выбрана не апошняе прыжыццёвае выданне, а 1-ы збор твораў (т. 1—6, 1925—32), які рыхтаваў сам аўтар. Пошук архіўных матэрыялаў і гіст.-літ. звестак, удасканаленне методыкі тэксталагічнага аналізу і каменціравання тэксту твораў спрыяльна адбіліся на падрыхтоўцы больш поўных збораў твораў Я.​Купалы (т. 1—7, 1972—76) і Я.​Коласа (т. 1—14, 1972—78). Выйшлі 1 -ы навукова каменціраваны збор твораў К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), «Выбраныя творы» М.​Гарэцкага (т. 1—2, 1973), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), аднатомныя «Творы» Цёткі (1976), «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. (1976), «Творы» К.​Каганца (1979) і інш. Даследаванне заканамернасцей развіцця бел. л-ры на ўсім працягу яе гіст. развіцця набывае мэтанакіраваны характар. Адпаведна павялічылася ўвага даследчыкаў і да маст. спадчыны мінулага. У сувязі з неабходнасцю далейшай актывізацыі тэксталагічнай работы ў 1979 на аснове тэксталагічнай групы Ін-та л-ры АН Беларусі створаны сектар выданняў і тэксталогіі (з 1986 аддзел). Выдадзены першыя навукова каменціраваныя зборы твораў І.​Мележа (т. 1—10,1979—85), М.​Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86) і 2 дадатковыя тамы — «Творы» (1990) і «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992), П.​Пестрака (т. 1—5, 1984—86), У.​Караткевіча (т. 1-8, 1987—91), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985-89), П.​Броўкі (т. 1—9, 1987—92), М.​Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), Я.​Пушчы (т. 1—2, 1993—94), аднатомнікі Г.​Леўчыка (1980), Я.​Дылы і В.​Каратынскага (абодва 1981), У.​Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984), С.​Палуяна (1986), Я.​Лучыны (1988), Скарыны (1990). Багушэвіча (1991), У.​Сыракомлі (1993), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983). Бел. тэкстолагі падрыхтавалі зборы твораў Я.​Купалы (т 1—3, 1982) і Я.​Коласа (т. 1—4, 1982—83) у перакладзе на рус. мову. Якасна новым этапам у развіцці бел. Т. сталі першыя поўныя зборы твораў М.​Багдановіча ў 3 т. (1991—95) і Я.​Купалы ў 9 т. (т. 1—8, 1995—2002), у якіх па-новаму вырашаны шэраг тэксталагічных праблем. Пашыраны асн. корпус поўнага збору твораў Я.​Купалы за кошт твораў, якія ў папярэднія зборы не ўключаліся паводле ідэалаг. прычын і цэнзурных меркаванняў. Зменена кампазіцыя выдання: адноўлены паасобныя строфы вершаў, удакладнены крыніцы асн. тэксту і першадруку, выпраўлены недакладнасці датавання, пашыраны гіст.-літ. і рэальны каментарый, уведзены прыжыццёвыя літ.-крытычная ацэнкі твораў Я.​Купалы, змешчаны гіст.-літ. нарысы пра гісторыю друкавання асн. вершаваных зб-каў паэта, упершыню змяшчаюцца яго дарчыя надпісы на кнігах і фотаздымках, службовыя і асабістыя дакументы. У 1996 распачата выданне «Беларускага кнігазбору». Выйшлі «Выбраныя творы» Я.​Чачота, М.​Багдановіча, В.​Ластоўскага, У.​Жылкі, Я.​Баршчэўскага, Л.​Геніюш, П.​Труса, Н.​Арсенневай і інш., «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), зб. К.​Каліноўскага «За нашую вольнасць: Творы, дакументы» (1999).

Літ.:

Вопросы текстологии. Вып. 1—4. М., 1957—67;

Прохоров Е.И. Текстология: (Принципы изданий классич. лит.). М., 1966;

Принципы текстологического изучения фольклора. М.; Л., 1966;

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;

Гульман Р.І. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;

Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980;

Лихачев Д.С. Текстология: На материале рус. лит. X—XVII вв. 2 изд. Л., 1983;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;

Яго ж. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;

Мушынскі М.І. Беларуская тэксталогія: набыткі, праблемы // Полымя. 1980. № 1;

Яго ж. Першы Поўны збор твораў Янкі Купалы. Канцэпцыя выдання і яе практыч. ўвасабленне // Бел. археагр. штогоднік. 2000. Вып. 1;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Лабынцев Ю.А. Проблемы подготовки изданий собрания сочинений Скорины: традицион. и электрон варианты // Скарына і наш час. Гомель, 1999;

Современная текстология: теория и практика. М., 1997;

Гришунин А.Л. Исследовательские аспекты текстологии. М., 1998;

Голуб Т.С. У творчай майстэрні класіка: Тэксталогія твораў М.​Гарэцкага. Мн., 2002.

М.​І.​Мушынскі, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 108

ТЭКСТУ́РА (лац. textura тканіна, будова),

пераважная арыентацыя крышт. зярнят, малекул і інш. складальных элементаў (кампанентаў) у розных асяроддзях. Утвараецца пад дзеяннем пругкіх напружанняў, цеплавых уздзеянняў, эл. і магн. палёў і пры спалучэнні гэтых фактараў (напр., тэрмамех. і тэрмамагн. апрацоўкі матэрыялаў). Абумоўлівае анізатрапію многіх фіз. уласцівасцей матэрыялаў.

Адрозніваюць восевыя Т. — з пераважнай арыентацыяй адносна аднаго вылучанага напрамку, плоскія — з арыентацыяй адносна пэўнай плоскасці, поўныя — пры наяўнасці вылучаных плоскасці і некаторага напрамку ў ёй. Тэкстураваныя матэрыялы існуюць у прыродзе (напр., некаторыя мінералы і біял. тканкі) і могуць быць атрыманы штучна (напр., пры апрацоўцы ціскам металаў, фазавых пераходах, крышталізацыі, эпітаксіі, адсорбцыі і інш.). Яны шырока выкарыстоўваюцца ў тэхніцы: п’езаэлектрычныя матэрыялы, вадкія крышталі, паляроіды і інш. Гл. таксама Тэкстура магнітная.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 109

ТЭКСТУРАВА́НАЯ НІ́ТКА, высокааб’ёмная нітка,

комплексная нітка тэкст. са штучна нададзенай ёй звілістасцю. У Т.н. звілістая кожная монанітка, што перашкаджае іх шчыльнаму ўкладванню ў комплекснай нітцы.

Ад звычайных комплексных нітак Т.н. адрозніваюцца паніжанай аб’ёмнай масай (для Т.н. яна ў 10—20 разоў меншая, чым для гладкіх нітак), большай порыстасцю, мяккасцю і ў некат. выпадках вял. пругкай расцяжнасцю — высокарасцяжныя Т.н. (гандл. назвы: стрэч, хеланка, эластык і інш.), маюць расцяжнасць да 400%. Вырабляюць Т.н. пераважна з сінт. палімераў. Асн. паказчык эксплуатацыйнай каштоўнасці Т.н. і вырабаў з іх — устойлівасць звілістасці; найб. ўстойлівасць маюць Т.н. з капрону і аніду (гл. Поліамідныя валокны). Выкарыстоўваюць Т.н. для вырабу паветрапранікальных, гіграскапічных тканін і трыкатажу, а таксама шкарпэтак, панчох, штучнага футра і інш.

Літ.:

Носов М.П., Волхонский А.А. Производство текстурированных нитей. М., 1982;

Усенко В.А. Производство крученых и текстурированных химических нитей. 2 изд. М., 1987.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 16, с. 109

ТЭКСТУ́РА ГО́РНАЙ ПАРО́ДЫ,

сукупнасць прыкмет будовы горных парод, абумоўленых арыенціроўкай, адносным размяшчэннем і размеркаваннем складальных частак пароды. У адрозненне ад структуры горнай пароды марфалагічнай адзінкай тэкстуры з’яўляецца мінер. агрэгат (напр., гнейсавая, масіўная, сланцавая тэкстуры).

т. 16, с. 109