Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНА́НЬЕЎ Анатоль Андрэевіч

(1900—25.5.1942),

дзярж. і парт. дзеяч БССР. У 1918—33 у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны. У 1934 на Паўн. Каўказе. З 1935 1-ы сакратар Мазырскага акр. к-та КП(б)Б. У 1937—38 нам. Старшыні СНК БССР, 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. Чл. ЦК (1936—38) і Бюро ЦК КП(б)Б (1937—38). Чл. ЦВК БССР (1935—38). У 1940 рэпрэсіраваны, асуджаны на 20 гадоў зняволення. Рэабілітаваны ў 1954.

т. 1, с. 338

АНА́НЬЕЎ Барыс Герасімавіч

(14.8.1907, Уладзікаўказ — 18.5.1972),

рускі псіхолаг, правадзейны чл. АПН СССР (1968). Скончыў Горскі пед. ін-т (1928, г. Арджанікідзе). З 1967 дэкан ф-та псіхалогіі Ленінградскага ун-та. Даследаванні па агульнай тэорыі і гісторыі псіхалогіі, праблемах адчуванняў, узроставай і дыферэнцыраванай псіхалогіі: «Псіхалогія педагагічнай ацэнкі» (1953), «Нарысы псіхалогіі» (1945), «Нарысы гісторыі рускай псіхалогіі XVIII і XIX стст.» (1947), «Прасторавае адрозненне» (1955), «Псіхалогія пачуццёвага пазнання» (1960), «Тэорыя адчуванняў» (1961). У працы «Чалавек як прадмет пазнання» (1968) выступіў з ідэяй стварэння адзінай канцэпцыі чалавеказнаўства як комплекснай дысцыпліны, што сінтэзуе шырокае кола навук пра чалавека.

т. 1, с. 338

Анан Кофі

т. 18, кн. 1, с. 333

АНА́ПА,

горад у Расіі, у Краснадарскім краі. 50,3 тыс. ж. (1994). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Як курорт развіваецца з 19 ст. Славуты паласой дробназярністага пясчанага пляжа даўж. каля 6 км з прылеглым мелкаводдзем, вельмі прыдатным для адпачынку і лячэння дзяцей. Клімат міжземнаморскі, з найб. працяглым на чарнаморскім узбярэжжы перыядам сонечнага ззяння. Марскія брызы, купанні з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка. Выдатныя ўмовы для аэра-, гелія- і таласатэрапіі. Ліманныя, азёрныя і сопкавыя гразі на лячэнне органаў стрававання, гінекалагічных і нерв. хвароб. Радовішчы мінеральных, сталовых і лекавых водаў. Мноства пансіянатаў, дзіцячыя санаторыі, летнія і санаторныя лагеры, дамы адпачынку, турбазы. Археал. музей-запаведнік.

Літ.:

Аванесов В.Н., Погосов Ю.А. Анапа. Краснодар, 1973.

т. 1, с. 338

АНА́ПЕСТ

(грэч. anapaistos літар. адлюстраваны назад; адваротны дактылю),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 2 кароткіх і 1 доўгага (◡◡-).

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на трэцім складзе (- - ): «Пацяклі́, паплылі́ за гадамі́ гады́... // На гусля́равым на́спе жвіро́вым...» (Я.Купала. «Курган»). У рус. паэзіі анапест упершыню ўжыў А.Сумарокаў у «Одзе супраць зладзеяў». У бел. паэзіі ўзнік у канцы 19 ст. разам з развіццём новых формаў верша.

т. 1, с. 338

АНАПЛАЗМО́З,

інвазійная трансмісіўная хвароба буйной і дробнай рагатай жывёлы, якая выклікаецца паразітаваннем у крыві анаплазмаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы і крывасосныя насякомыя. Адзначаецца ўсюды, часцей у вяснова-восеньскі перыяд. Характарызуецца гарачкай пераменнага тыпу, прагрэсіўнай анеміяй, павелічэннем паверхневых лімфавузлоў, ацёкамі, атаніяй страўнікава-кішачнага тракту. Смяротнасць невялікая. Лячэнне тэрапеўтычнае. У мэтах прафілактыкі жывёл у летні час апрацоўваюць акарыцыднымі сродкамі.

т. 1, с. 339

АНАПЛА́ЗМЫ

(Anaplasma),

род паразітычных мікраарганізмаў сям. анаплазмавых. Блізкія да рыкетсій. Аблігатныя ўнутрыклетачныя паразіты эрытрацытаў крыві жывёл. Выклікаюць анаплазмоз. У эрытрацытах буйн. раг. жывёлы паразітуе A. marginale, A. centrale, у авечак і коз — A. ovis.

Форма цела круглаватая, радзей вуглаватая або выцягнутая, велічыня 0,1—1,25 мкм. Сапраўднага ядра і арганел у анаплазмаў няма. Размнажаюцца простым дзяленнем. У эрытрацытах трапляюцца па 1—2, радзей 3—4 паразіты, зрэдку больш; пашкоджваецца да 50—80% эрытрацытаў.

т. 1, с. 339

АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.

т. 1, с. 339

АНА́Р

(сапр. Рзаеў Анар Расул аглы; н. 14.3.1938, Баку),

азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Азербайджанскі ун-т (1960). Першыя зб-кі апавяданняў «У чаканні свята» (1963), «Дождж скончыўся» (1968). Аўтар аповесці «Белы ліман» (1970), зб. апавяданняў і аповесцяў «Мала Насрэдзін—66» (1970), «Цэйтнот» (1989), сцэнарыяў мастацкіх фільмаў, нарысаў. Выкрываў раўнадушша, жорсткасць, эгаізм. Аповесці «Круг», «Юбілей Дантэ» (зб. «Круг», 1973) прысвечаны лёсу творчай інтэлігенцыі.

т. 1, с. 339

АНАРГАЗМІ́Я

(ад ан... + аргазм),

адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.

т. 1, с. 339