АБА́ШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўд. Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўж. да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геам. арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культ.-гіст. агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археал. культур.
т. 1, с. 16
АБАШЫ́ДЗЕ Васіль
(Васо) Аляксеевіч (4.12.1854, г. Душэты — 9.10.1926),
грузінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1879 у Тыфліскай драм. трупе. Адзін з заснавальнікаў рэаліст. груз. акцёрскай школы. Стварыў яркія характарныя і камед. вобразы ў нац. і класічным рэпертуары: Карапет («Скупы» Г.Эрыставі), Акоп («Ханума» А.Цагарэлі), Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага) і інш. Заснавальнік і рэдактар першага ў Грузіі тэатр. час. «Тэатры» (з 1885).
т. 1, с. 16
АБАШЫ́ДЗЕ Грыгол Рыгоравіч
(1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),
грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 1, с. 16
АБАШЫ́ДЗЕ Іраклій Вісарыёнавіч
(23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),
грузінскі паэт. Акад. АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1972.
т. 1, с. 17