Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНДРЭ́ЕЎ Іван

(?, Полацк — 1679),

майстар-чаканшчык па серабры. Са студз. 1660 майстар чаканнай справы Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Працаваў пераважна над рэльефнымі ўпрыгожаннямі. Сярод работ срэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі царэвічаў Івана і Пятра (1676, зробленыя з Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым і Ларыёнам Афанасьевым).

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Леанід Мікалаевіч

(21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—17. Спб., 1911—17;

Красный смех. Мн., 1981.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Мікалай Андрэевіч

(26.10.1873, Масква — 24.12.1932),

рускі скульптар і графік. Засл. дз. маст. РСФСР (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1885—91) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—1901). Аўтар помнікаў М.В.Гогалю (1909), А.І.Герцэну і М.П.Агарову (1922), А.М.Астроўскаму (1929; усе ў Маскве); серыі скульптурных і графічных партрэтаў У.І.Леніна (1919—32), графічных партрэтаў М.Горкага, К.Станіслаўскага, В.Качалава і інш.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Мікалай Мікалаевіч

(28.7.1880, с. Курмане Палтаўскай губ. — 31.12.1970),

рускі фізік; стваральнік сав. навук. школы акустыкі і гідраакустыкі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Базельскі ун-т (1909). З 1912 працаваў у ВНУ і НДІ Масквы і Ленінграда, з 1940 у Фіз., з 1954 у Акустычным ін-тах АН СССР. Навук. працы па фіз. і тэхн. акустыцы і тэорыі ваганняў. Аўтар першай тэорыі распаўсюджвання гуку ў рухомых асяроддзях.

Літ.:

Глекин Г.В. Н.Н.Андреев, 1880—М., 1980.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Мікалай Пятровіч

(23.11.1892 — 15.1.1942),

рускі літаратуразнавец і фалькларыст. Даследаваў рус. і ўкр. казкі. У аснову «Паказальніка казачных сюжэтаў» (1929) паклаў паказальнік казачных тыпаў фін. вучонага А.Аарнэ. Пазней адмовіўся ад фармаліст. метадаў даследавання фальклору і выступіў з крытыкай канцэпцыі фін. школы. У працах «Фальклор і літаратура» (1936), «Фальклор у паэзіі Някрасава» (1936), «Творы Пушкіна ў фальклоры» (1937) і інш. разглядаў узаемадзеянне л-ры і фальклору. Яго паказальнік казачных сюжэтаў выкарыстаў Л.Бараг у паказальніку «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978).

Літ.:

Астахова А.М. Н.П.Андреев в история советской фольклористики 20—30-х годов // Очерки истории русской этнографии, фольклористики и антропологии. М., Вып. 5.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Павел Захаравіч

(9.3.1874, с. Осьміна, Лужскі р-н Ленініградскай вобл. — 14.9.1950),

рускі спявак (бас-барытон). Нар. арт. СССР (1939). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1903, з 1919 выкладаў у ёй, праф. з 1926). Удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.П.Дзягілева (у 1913—14). Сярод лепшых партый: Руслан («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Князь Ігар і Барыс Гадуноў у аднайм. операх А.Барадзіна і М.Мусаргскага.

Літ.:

Лебедев Д. П.З.Андреев: Очерк жизни и творческой деятельности. Л., 1971.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Уладзімір Аляксеевіч

(н. 27.8.1930, Масква),

рускі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1952). Акцёр, з 1970 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.Ярмолавай. З 1985 гал. рэжысёр Малога т-ра Расіі. Выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва, праф. з 1978. Сярод роляў: Аляксей («У добры час» В.Розава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Галубкоў («Бег» М.Булгакава) і інш. Паставіў спектаклі: «Мінулым летам у Чулімску» і «Паляванне на качак» А.Вампілава, «Грошы для Марыі» паводле В.Распуціна, «Бераг» паводле Ю.Бондарава і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1980.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Фёдар Андрэевіч

(1879, Вільня — 9.12.1952),

патафізіёлаг і клініцыст. Засл. дз. нав. РСФСР. Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). Вучань рус. патолага А.Б.Фохта. Працаваў у мед. ін-тах Масквы, Свярдлоўска. У 1934—38 заг. кафедры ў Мінскім мед. ін-це. У 1913 распрацаваў новы метад ажыўлення арганізма артэрыяльным нагнятаннем крыві. Навук. працы па вывучэнні ролі ЦНС у патагенезе захворванняў унутр. органаў, патафізіялогіі і фізіялогіі сэрца, лёгкіх, аліментарнай дыстрафіі, пра ролю канстытуцыі чалавека ў развіцці паталаг. працэсу.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎСКІ СЦЯГ,

сцяг на карме судна ў расійскім ВМФ. Уведзены ў 1699 Пятром I. Палотнішча з блакітным крыжам па дыяганалі (крыж Андрэя Першазванага) спачатку было трохпалоснае — бела-сіне-чырвонае, потым (з 1709) аднаго з гэтых колераў, з 1865 — белае.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пн ад г. Орша, 84 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Орша, на шашы Орша—Віцебск. 3182 ж., 943 двары (1994). Камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, райсельгасэнерга, аграрна-прамысл. аб’яднанне «Белая Русь». Сярэдняя школа, базавая спец. школа-інтэрнат, клуб, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 361