АНДРЭ́ЕЎ Леанід Мікалаевіч
(21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—17. Спб., 1911—17;
Красный смех. Мн., 1981.
т. 1, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)