Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБРУ́ЦА

(Abruzzo),

нацыянальны парк у Італіі, у Абруцкіх Апенінах. Засн. ў 1923. Пл. больш за 29 тыс. га. Выш. да 2247 м над узр. м. Высакагорныя ландшафты, ледавікі, унікальныя геал. аб’екты, альпійская флора і фауна: асаковазлакавыя камяністыя альпійскія лугі, зараснікі рададэндрану; водзяцца воўк, мядзведзь, рысь, серна і інш. млекакормячыя.

т. 1, с. 40

АБРУ́ЦЫ

(Abruzzi),

адм. вобласць Італіі, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Падзяляецца на правінцыі Л’Акуіла, К’еты, Пескара, Тэрама. Адм. ц.г. Л’Акуіла. Пл. 10,8 тыс. км². Нас. 1620 тыс. чал. (1993).

Узбярэжжа раўніннае, на З — Абруцкія горы (г. Корна, 2914 м). Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Вобласць аграрная. Гал. культуры: пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба, на ўзбярэжжы — аліва, вінаград, цытрусавыя і інш. На горных пашах авечкагадоўля. Цукр., вінаробная, алейная, тытунёвая, хім., маш.-буд., электронная прам-сць. Развіта рыбалоўства.

т. 1, с. 40

АБРЫКО́С

(Armeniaca),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.

Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.

т. 1, с. 41

АБРЫКО́САЎ Аляксей Іванавіч

(18.1.1875, Масква — 9.4.1955),

рус. патолагаанатам. Акад. АН СССР (1939) і АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1945). Чл.-кар. Польскай АН. Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). У 1920—53 праф. 1-га Маскоўскага мед. ін-та, адначасова ў 1944—51 дырэктар Ін-та нармальнай і паталагічнай марфалогіі АМН СССР. Працы па марфалогіі туберкулёзу, алергічных рэакцыях, сепсісе, ранавай інфекцыі, паталогіі вегетатыўнай нерв. сістэмы. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Основы общей патологической анатомии. 9 изд. М., 1949;

Основы частной патологической анатомии. 4 изд. М., 1950.

т. 1, с. 41

Абрыкосаў Аляксей Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 328

АБРЫ́НСКІ Хрыстафор

(?, Навагрудак — 1665),

дзярж. дзеяч ВКЛ. Сын новагародскага земскага суддзі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1637), Падуанскім ун-це (1641). З 1654 ротмістр кавалерыі ВКЛ, у 1654—62 пісар ВКЛ, з 1658 падкаморы новагародскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы ад шляхты Новагародскага ваяв. Быў сакратаром пасольства П.К.Абуховіча ў Маскве. Удзельнік падрыхтоўкі мірнага дагавору Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1659, 1660). Як пасол сойма ад Старадубскага пав. ўдзельнічаў у размежаванні Інфлянтаў і Курляндыі. Валодаў маёнткамі Бярдова і Ятра (Новагародскае ваяв.), вёскамі ў Смаленскім ваяв.

П.Р.Казлоўскі.

т. 1, с. 41

АБРЫ́НЬБА Мікалай Іпалітавіч

(н. 2.3.1913, г.п. Епіфань Тульскай вобл.),

рус. жывапісец. Засл. мастак Расіі (1969). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1936—40) і Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1940—41). У 1944—50 у студыі ваен. мастакоў імя Грэкава. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху на Беларусі. Асноўная тэма творчасці — гераізм бел. партызан. Сярод работ: «Эшалоны гараць» (1943), «Мост на Заходняй Дзвіне. 1942» (1970), «Франтавыя эцюды» (1976) і інш. Разам з мастаком М.Гуціевым стварылі партыз. карцінную галерэю, якая размяшчалася ў штабе Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава».

т. 1, с. 41

А́БРЫС

(ад ням. Abriß чарцёж, план),

контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.

2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх. праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.

3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл. Контур.

т. 1, с. 41

АБРЫ́Ў,

схіл рачной даліны, берагоў мора, ракі, возера, вадасховішча, яра стромкасцю больш за 55°, вышынёй (глыб.) ад некалькіх да дзесяткаў метраў. На фарміраванне абрыву ўплываюць тэктанічныя рухі, працэсы абразіі (кліф), эрозіі (рачныя тэрасы) і інш. Пры замаруджванні ці спыненні гэтых працэсаў абрыў траціць стромкасць і паступова ператвараецца ў пакаты схіл. На Беларусі абрывы часцей бываюць на сугліністых і лёсападобных грунтах, радзей на месцах знаходжання былых вял. прыледавіковых азёраў.

т. 1, с. 41

АБРЭВІЯТУ́РА

(італьян. abbreviatura ад лац. abbrevio скарачаю),

1) у мове — назоўнік, утвораны шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае часткамі. Абрэвіяцыя (утварэнне абрэвіятуры) як спосаб словаўтварэння пашырылася ў асн. еўрап. мовах на пач. 20 ст., у бел. мове — у 1920-я г. У сучаснай бел. мове паводле структуры вылучаюцца абрэвіятуры: ініцыяльныя (з пачатковых літар — ВНУ або гукаў — ААН), складовыя (з пачатковых частак слоў — сельмаг); змешанага (складова-ініцыяльнага) тыпу; утвораныя з часткі першага слова і канцавой — другога (мапед); з пачатковай часткі і цэлага слова (дзяржзаказ).

2) У музыцы — сімволіка муз. тэксту (спец. знакі, літары, лічбы), якая служыць для спрашчэння або скарачэння нотнага пісьма. Абрэвіятуры спрашчэння абазначаюць паўтарэнне раздзелаў формы твора, элементаў муз. мовы, выканальніцкіх адценняў, паўз, перанясенне гукаў на актаву і больш уверх ці ўніз. Абрэвіятуру скарачэння выкарыстоўваюць у назвах муз. інструментаў, для пазначэння дынамічных і выразных адценняў, выканальніцкіх прыёмаў, а таксама ў назвах муз. тэм і твораў.

Т.Г.Мдывані (музыка).

т. 1, с. 41