Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НЦАЎ Міхаіл Васілевіч

(12.10.1865, Смаленск — 21.7.1945),

бел. кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1894, клас кампазіцыі М.Рымскага-Корсакава). З 1896 жыў у Віцебску, выкладаў хар. спевы ў розных навуч. установах, рэдагаваў газ. «Витебские губернские ведомости» (1905—12). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі (1918, чытаў у ёй лекцыі па гісторыі музыкі), кіраўнік Дзярж. хору. Майстар харавога пісьма, аўтар апрацовак бел. нар. песень («А ў полі вярба», «Кума мая, кумачка» і інш.), прасякнутых тонкім лірызмам рамансаў на вершы рус. паэтаў. З інш. твораў: кантата «Да стогадовага юбілею Пушкіна», гімн «У памяць стагоддзя Айчыннай вайны 1812 года», харавы «Рэквіем» («Не плачце над прахам забітых байцоў»). Напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў, метадычных работ, у т. л. «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).

С.Г.Нісневіч.

т. 1, с. 408

АНЦІМО́НАЎ Леанід Сяргеевіч

(н. 16.12.1934, в. Куляшы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік, педагог. Скончыў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963); з 1964 выкладчык гэтага ін-та. Працуе ў розных графічных тэхніках, перавагу аддае манатыпіі, экслібрысу, гравюры. Кампазіцыі вылучаюцца складанай філас. трактоўкай вобраза, паэт. узнёсласцю, лірызмам, падкрэслена эксперым. характарам выяўленчай формы. Сярод работ: «Акно» (1974), «Кветка папараці» і «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), трыпціх «Зямля, Месяц, Сонца» (1986), «Ахвярапрынашэнне» (1991); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Джаз» (1981), «Катастрофа» і «Людзі і птушкі» (1991).

М.Л.Цыбульскі.

т. 1, с. 408

АНЦІ́ПАЎ Васіль Рыгоравіч

(н. 15.2.1924, в. Бокачы Палкінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія),

дэндролаг. Д-р біял. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Леніградскую лесатэхн. акадэмію (1952). Працаваў у бат. садах Латвійскай і Беларускай АН, у Чарнавіцкім ун-це. З 1977 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па садова-паркавым і ландшафтным мастацтве, праблемах экалогіі.

Тв.:

Парки Белоруссии. Мн., 1974;

Устойчивость древесных растений к промышленным газам. Мн., 1979;

Определитель древесных растений. Мн., 1994 (разам з І.В.Гуняжэнкам).

т. 1, с. 408

АНЦІ́П’ЕЎ Яфімка

(Анціпін Яфрэмка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Вучань Іпаліта, пад кіраўніцтвам якога ўпрыгожваў (разам з Л.Юр’евым і Д.Грыгор’евым) царскую карэту «разнымі вуглавымі слупкамі» і гербамі; рабіў іканастасы, куфры, рызніцы, цацкі для царэвічаў і інш.

т. 1, с. 409

Анцішын Сяргей Ягоравіч

т. 18, кн. 1, с. 334

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі.

Л.К.Алексютовіч.

т. 1, с. 409

АНЦЫ́ЛУС,

чашачка, шароўка (Ancylus), род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.

Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.

т. 1, с. 409

А́НЦЫО

(Ancio),

кліматычны курорт у Італіі. Каля 55 км на Пд ад Рыма, на беразе Тырэнскага м. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Мяккі міжземнаморскі клімат, шырокі пляж, працяглы перыяд марскіх купанняў. Музей тэрмаў, рэшткі рымскіх пабудоў.

т. 1, с. 409

АНЦЫ́ПА

(Анцыпа-Чыкунскі) Ільдафонс Дзяменцьевіч (1815 ?, в. Мілавань каля Гродна — 6.6.1863),

удзельнік рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Слонімскім павятовым вучылішчы. Удзельнік паўстання 1830—31. У эміграцыі (Францыя) чл. Польскага дэмакр. т-ва, выступаў у друку па пытаннях арганізацыі ўзбр. паўстання. У час паўстання 1848 камандаваў сял. атрадам на Пазнаншчыне. У 1859 вярнуўся ў Расію, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку брата на Быхаўшчыне. У час паўстання 1863—64 узначаліў паўстанцкі атрад у Быхаўскім пав. 28.4.1863 яго атрад разбіты. Анцыпа расстраляны ў Магілёве.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 409

АНЦЫРА́БЕ

(Antsirabe),

горад у цэнтральнай ч. Мадагаскара. 91 тыс. ж. (1982). Шашэйная і чыг. сувязь з г. Антананарыву. Тэкст., харчасмакавая прам-сць. Цэментны з-д. Ювелірная вытв-сць. Цэнтр с.-г. раёна (рыс, агародніна, малочная жывёлагадоўля). Рэгіянальны універсітэцкі цэнтр. Бальнеалагічны курорт.

т. 1, с. 409