АНЦІМО́НАЎ Леанід Сяргеевіч
(н. 16.12.1934, в. Куляшы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік, педагог. Скончыў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963); з 1964 выкладчык гэтага ін-та. Працуе ў розных графічных тэхніках, перавагу аддае манатыпіі, экслібрысу, гравюры. Кампазіцыі вылучаюцца складанай філас. трактоўкай вобраза, паэт. узнёсласцю, лірызмам, падкрэслена эксперым. характарам выяўленчай формы. Сярод работ: «Акно» (1974), «Кветка папараці» і «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), трыпціх «Зямля, Месяц, Сонца» (1986), «Ахвярапрынашэнне» (1991); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Джаз» (1981), «Катастрофа» і «Людзі і птушкі» (1991).
М.Л.Цыбульскі.
т. 1, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)