Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ануфрык Славамір Сцяпанавіч

т. 18, кн. 1, с. 334

АНУ́ЧЫН Дзмітрый Мікалаевіч

(27.8.1843, С.-Пецярбург — 4.6.1923),

рускі антраполаг, географ, этнограф, археолаг. Акад. (1896), ганаровы чл. Расійскай АН (1898). Праф. (1884). У 1867 скончыў Маскоўскі ун-т і з 1885 узначальваў у ім кафедру геаграфіі. Па яго ініцыятыве ў 1879 пры ун-це створаны Музей антрапалогіі (з 1919 кафедра антрапалогіі, з 1922 НДІ антрапалогіі). Асн. кірунак даследаванняў Анучына — этнічная антрапалогія і антрапагенез, значная ч. прац прысвечана этнаграфіі, археалогіі, геамарфалогіі, гідралогіі і краязнаўству. Аўтар універсітэцкіх геагр. курсаў: «Гісторыя геаграфіі», «Агульная геаграфія» і інш. У 1890-я г. праводзіў геагр. экспедыцыі, вывучаў вытокі Зах. Дзвіны, Дняпра і інш. рэк. Удзельнічаў у рабоце Дзяржплана. Рэдагаваў часопісы «Этнографическое обозрение» (з 1889), «Землеведение» (засн. Анучыным у 1894), «Русский антропологический журнал» (з 1900). У гонар Анучына названы: ледавік на в-ве Новая Зямля, гара на Паўн. Урале, в-аў і праліў у Малой Курыльскай градзе.

Тв.:

Рельеф поверхности Европейской России в последовательном развитии о нем представлений. М., 1895;

Труды экспедиции для исследования источников главнейших рек Европейской России. Вып. 61. М., 1897;

К вопросу о белорусской территории // Курс белорусоведения. М., 1918—20.

т. 1, с. 407

АНФА́С

(франц. en face літар. у твар),

тварам да таго, хто глядзіць; від твару, прадмета прама, спераду.

т. 1, с. 407

АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.

Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).

А.М.Кулагін.

т. 1, с. 407

А́НФІНСЕН (Anfinsen) Крысціян Бемер

(н. 26.3.1916, г. Манесен, шт. Пенсільванія, ЗША),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1963), Дацкага каралеўскага т-ва навук (1964). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1939). У 1948—50 і 1962—63 выкладаў у Гарвардскім ун-це, у 1950—62 і з 1963 у Нац. ін-це здароўя ў Бетэсдзе (каля Вашынгтона). Навук. працы па біяхіміі бялкоў і ферментаў. Прапанаваў новую трактоўку працэсу біял. эвалюцыі (1959). Нобелеўская прэмія 1972 (з С.Мурам і У.Х.Стайнам).

Тв.:

Молекулярные основы эволюции: Пер. с англ. М., 1962.

т. 1, с. 408

АНХАЦЭ́РКА

(Onchocerca),

род чарвей класа нематод. Выклікаюць акхацэркозы. Пашыраны ўсюды.

Цела нітка- ці воласападобнае, даўж. ў самцоў да 30 см, у самак да 1 м. Палаваспелыя паразітуюць у злучальных тканках, лічынкі (мікраанхацэркі) — у скуры. Для далейшага развіцця лічынкі павінны трапіць у мошак ці макрацоў. Праз 8—18 сутак мікраанхацэркі дасягаюць стадыі інвазійных лічынак. Развіццё паразіта адбываецца 7—8 мес. Жывёлы заражаюцца паблізу месцаў размнажэння.

т. 1, с. 408

АНХАЦЭРКО́ЗЫ,

гельмінтозныя хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, вярблюдаў, козаў, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца нематодамі з роду анхацэрка. Пры анхацэркозах назіраюцца пухліны з гноем, намулы, дэрматыты, кульгавасць і інш. Заражэнне адбываецца на забалочанай пашы і каля вады. Лячэнне растворам Люголя, хірургічнае.

т. 1, с. 408

А́НХЕЛЬ

(Ángel),

Чурун-Мерун (Churún-Merún), вадаспад у Венесуэле, у вярхоўях р. Чурун (сістэма р. Карані), на Гвіянскім пласкагор’і. Самы высокі ў свеце: выш. падзення вады 1054 м (свабоднае падзенне 979 м). Адкрыты ў 1935 венесуэльскім лётчыкам Д.Анхелем.

т. 1, с. 408

АНХІМЮ́К Вячаслаў Лявонцьевіч

(н. 9.3.1915, г. Самарканд),

вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1975), праф. (1977). Скончыў Сярэднеазіяцкі індустр. ін-т (1939), з 1946 выкладаў у гэтым ін-це. З 1960 у БПІ. Навук. працы па аптымізаваных сістэмах электрамеханікі, электрапрыводах робатаў на мікрапрацэсарнай аснове. Распрацаваў матэм. апарат (функцыі кіравання) для дыскрэтных электрамех. сістэм.

Тв.:

Теория автоматического управления. М., 1979.

т. 1, с. 408

АНХУ́ЗА,

род кветкавых раслін, гл. Пакрывец.

т. 1, с. 408