АНУ́ЧЫН Дзмітрый Мікалаевіч
(27.8.1843, С.-Пецярбург — 4.6.1923),
рускі антраполаг, географ, этнограф, археолаг. Акад. (1896), ганаровы чл. Расійскай АН (1898). Праф. (1884). У 1867 скончыў Маскоўскі ун-т і з 1885 узначальваў у ім кафедру геаграфіі. Па яго ініцыятыве ў 1879 пры ун-це створаны Музей антрапалогіі (з 1919 кафедра антрапалогіі, з 1922 НДІ антрапалогіі). Асн. кірунак даследаванняў Анучына — этнічная антрапалогія і антрапагенез, значная ч. прац прысвечана этнаграфіі, археалогіі, геамарфалогіі, гідралогіі і краязнаўству. Аўтар універсітэцкіх геагр. курсаў: «Гісторыя геаграфіі», «Агульная геаграфія» і інш. У 1890-я г. праводзіў геагр. экспедыцыі, вывучаў вытокі Зах. Дзвіны, Дняпра і інш. рэк. Удзельнічаў у рабоце Дзяржплана. Рэдагаваў часопісы «Этнографическое обозрение» (з 1889), «Землеведение» (засн. Анучыным у 1894), «Русский антропологический журнал» (з 1900). У гонар Анучына названы: ледавік на в-ве Новая Зямля, гара на Паўн. Урале, в-аў і праліў у Малой Курыльскай градзе.
Тв.:
Рельеф поверхности Европейской России в последовательном развитии о нем представлений. М., 1895;
Труды экспедиции для исследования источников главнейших рек Европейской России. Вып. 61. М., 1897;
К вопросу о белорусской территории // Курс белорусоведения. М., 1918—20.
т. 1, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)