Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНАМАСІЯЛО́ГІЯ

(ад грэч. onomasia называнне + ...логія),

навука аб найменнях, адзін з раздзелаў семантыкі. Займаецца пытаннямі намінацыі, аналізам спосабаў і сродкаў стварэння намінатыўных адзінак на розных узроўнях мовы, высвятленнем унутранай формы назваў у розных мовах для абазначэння аднаго і таго ж паняцця, зменай назваў у працэсе гіст. развіцця мовы і інш.

Анамасіялогія пачала фарміравацца ў самаст. навуку ў 20 ст. (працы ням. і аўстр. вучоных — заснавальнікаў лінгвістычнага кірунку «Словы і рэчы» Р.Мерынгера, Г.Шухарта, прадстаўнікоў тэорыі семантычных палёў Л.Вайсгербера, К.Бальдзінгера, працы вучоных Пражскага лінгвістычнага гуртка, рус. мовазнаўцаў). У анамасіялагічным аспекце лексіку разглядаюць у этымалагічных слоўніках (у т. л. «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы», т. 1—8, 1978—93). Анамасіялагічны аналіз выкарыстоўваюць пры аналізе тапанімікі.

Л.М.Ляшчова.

т. 1, с. 336

АНАМА́СТЫКА

(ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),

1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.М.Адамовіч, Л.А.Акаловіч, М.В.Бірыла, В.П.Лемцюгова, М.Р.Суднік, Г.К.Усціновіч, І.Я.Яшкін.

Літ.:

Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;

Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.

т. 1, с. 337

АНАМІ́Я

(ад франц. anomie адсутнасць закону),

стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 337

АНА́МНЕЗ

(ад грэч. anamnēsis успамін),

сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 337

АНА́МНІІ

(ад ан... + амніён),

першаснаводныя ніжэйшыя пазваночныя (кругларотыя, рыбы, земнаводныя), у якіх у працэсе эмбрыягенезу не ўтвараецца зародкавая абалонка — амніён і асаблівы зародкавы орган — алантоіс. Анамніі жывуць у водным асяроддзі на працягу ўсяго жыццёвага цыкла або на асобных яго стадыях.

т. 1, с. 337

АНАНА́С

(Ananas),

род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.

т. 1, с. 337

АНА́НД Мулк Радж

(н. 12.12.1905, г. Пешавар, Індыя),

індыйскі пісьменнік. Скончыў Лонданскі ун-т (1929). Д-р філасофіі, праф. Пенджабскага ун-та (1962). Прэзідэнт Індыйскай акадэміі мастацтваў. Піша на англ. мове. Аўтар раманаў сац.-паліт. кірунку: «Недатыкальны» (1935), «Кулі» (1936), «Два лісткі і бутон» (1937), гіст. трылогіі «Вёска», «За чорнымі водамі» (1940), «Меч і серп» (1942. У раманах «Асабістае жыццё індыйскага раджы» (1953), «Споведзь закаханага» (1976), «Пузыр» (1984) рысы экзістэнцыялізму і фрэйдызму. Аўтар мастацтвазнаўчых прац, філас. трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1987.

Літ.:

Калинникова Е.Я. Мулк Радж Ананд. М., 1986.

С.Н.Чубакоў.

т. 1, с. 337

АНАНІ́ЗМ,

тое, што мастурбацыя.

т. 1, с. 337

АНАНІ́М

(ад грэч. anōnymos безыменны),

1) аўтар пісьма, запіскі або літ. твора, які ўтойвае сваё імя.

2) Літаратурны твор без подпісу, невядома кім напісаны, гл. Ананімны твор.

т. 1, с. 337

АНАНІ́МНЫ ТВОР у літаратуры, друкаваны або рукапісны твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было жаданне пазбегнуць ганенняў з боку ўлад. Ананімна з’явіліся многія літ. і філас. творы: «Думкі» Б.Паскаля, «Максімы» Ф.Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, «Гаўрыліяда» А.Пушкіна і інш. У стараж. бел. л-ры многія творы (асабліва свецкія) былі ананімныя. У перыяд станаўлення новай бел. л-ры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, яе аўтары не імкнуліся занатаваць сваё аўтарства, тым болей што гэтыя творы звычайна распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах. Па меры росту нац.-культ. свядомасці абуджалася і цікавасць да пытання аўтарства бел. твораў (Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). З сярэдзіны 19 ст. бел. л-ра мела пераважна апазіцыйны да самаўладства характар, большасць яе твораў прасякнута вострай крытыкай дзярж. ладу, таму іх забаранялася друкаваць аж да 1906. Але і пазней найб. вострыя творы з’яўляліся ананімна. Паводле жанру ананімныя творы разнастайныя: паэмы («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), лірычныя вершы («Вясна гола перапала», «Ой, у полі вецер вые»), вершаваныя або празаічныя гутаркі («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда»). Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або паліт. пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К.Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы бытавалі і ў сав. час («Сказ пра Лысую гару»).

М.А.Лазарук.

т. 1, с. 337