АНАМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. onomasia называнне + ...логія),

навука аб найменнях, адзін з раздзелаў семантыкі. Займаецца пытаннямі намінацыі, аналізам спосабаў і сродкаў стварэння намінатыўных адзінак на розных узроўнях мовы, высвятленнем унутранай формы назваў у розных мовах для абазначэння аднаго і таго ж паняцця, зменай назваў у працэсе гіст. развіцця мовы і інш.

Анамасіялогія пачала фарміравацца ў самаст. навуку ў 20 ст. (працы ням. і аўстр. вучоных — заснавальнікаў лінгвістычнага кірунку «Словы і рэчы» Р.​Мерынгера, Г.​Шухарта, прадстаўнікоў тэорыі семантычных палёў Л.​Вайсгербера, К.​Бальдзінгера, працы вучоных Пражскага лінгвістычнага гуртка, рус. мовазнаўцаў). У анамасіялагічным аспекце лексіку разглядаюць у этымалагічных слоўніках (у т. л. «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы», т. 1—8, 1978—93). Анамасіялагічны аналіз выкарыстоўваюць пры аналізе тапанімікі.

Л.​М.​Ляшчова.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)