Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛІТЭРА́ЦЫЯ

(ад лац. ad да, пры + littera літара),

адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).

На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.

т. 1, с. 261

АЛІЎЕ́

(Olivier) Лорэнс Кер (22.5.1907, Доркінг, графства Сурэй, Вялікабрытанія — 11.7.1989),

англійскі акцёр, рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Цэнтр. школе дэкламацыі і драм. мастацтва ў Оксфардзе (1924—25). На сцэне з 1922, у кіно з 1930. З 1926 выступаў у рэпертуарных т-рах Англіі, у т. л. ў «Олд Вік» (з 1937, у 1944—49 яго кіраўнік), у 1963—73 у Нац. т-ры (Лондан, дырэктар т-ра). Ставіў п’есы У.Шэкспіра, творы класічнай і сучаснай драматургіі. Адзін з лепшых выканаўцаў цэнтр. роляў у п’есах Шэкспіра «Гамлет», «Рычард III», «Генрых V» (усе і ў кіно, у апошнім — акцёр, рэжысёр і сцэнарыст), «Карыялан», «Кароль Лір», «Макбет», «Атэла» і інш. Сярод інш. работ у кіно: адмірал Нельсан («Лэдзі Гамільтан»), «Тры сястры» паводле А.Чэхава (рэжысёр).

Літ.:

Юткевич С. Шекспир и кино. М., 1973;

Липков А. Шекспировский экран. М., 1975.

т. 1, с. 261

АЛІ́ЎКАВАЕ ДРЭ́ВА,

гл. Масліна.

т. 1, с. 261

АЛІ́ЎКАВАЯ ПЛЯ́МІСТАСЦЬ,

хвароба раслін, якая выклікаецца грыбам з роду кладаспорый. Узбуджальнік — кладаспорый агурковы (Cladosporium cucumerinum; пашкоджвае ўсю расліну ў цяпліцы і ў адкрытым грунце). На пладах (радзей чаранках і сцёблах) з’яўляюцца масляністыя плямы, якія ператвараюцца ў светла-карычневыя язвачкі са споранашэннем грыба аліўкавага колеру. На лісці ўтвараюцца бурыя плямы. Хварэюць на аліўкавую плямістасць пераважна агуркі, кабачкі, гарбузы, дыні, кавуны, патысоны. Пашкоджаныя плады трацяць таварныя якасці, маладая завязь гіне. Развіццю хваробы спрыяюць рэзкія перапады тэмпературы, высокая вільготнасць. Меры барацьбы: знішчэнне хворых пладоў, падтрыманне т-ры паветра ў цяпліцах не ніжэй за 17 °C, зніжэнне вільготнасці паветра да 70%.

т. 1, с. 261

АЛІ́ЎКАВЫ АЛЕ́Й,

праванскі алей, алей з мякаці аліў (гл. Масліна). Вадкасць ад светла-жоўтага да карычневага колеру, t застывання ад -2 да -6 °C, шчыльн. 0,91—0,918·10​3 кг/м³, невысыхальны алей. Мае ў сабе тлустыя кіслоты: насычаныя 9—20% (пераважна пальміцінавая), алеінавую 54—81%, лінолевую 15%. Выкарыстоўваецца як харч. прадукт, сыравіна ў вытв-сці спец. тэкст. мыла; кампанент змазвальных матэрыялаў, касметычных сродкаў, раствораў вітамінаў і прэпаратаў для ін’екцый.

т. 1, с. 261

АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

АЛІХА́НАЎ Абрам Ісакавіч

(4.3.1904, Тбілісі — 8.12.1970),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1943). Герой Сац. Працы (1954). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1929). У 1927—41 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1945—68 дырэктар Ін-та тэарэт. і эксперым. фізікі АН СССР. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў і ядз. фізіцы. Адкрыў і даследаваў (у сааўт.) выпрамяненне электронна-пазітронных пар, распрацаваў арыгінальную методыку даследавання спектраў электронаў; пазітронаў і у-квантаў; адзін са стваральнікаў першага ў СССР доследнага цяжкаводнага рэактара. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948, 1953.

Тв.:

Избр. труды. М., 1975.

т. 1, с. 261

АЛІХАНЯ́Н Ісак Сямёнавіч

(7.2.1876, Душэты, Грузія — 15.3.1946),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1923) і Грузіі (1941). З 1897 працаваў у Баку, Тбілісі, Растове-на-Доне. Адзін з арганізатараў (1921) 1-га Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.Сундукяна). З 1922 у Тбіліскім арм. т-ры. Сярод роляў: Пэпа (аднайм. п’еса Сундукяна), Элізбараў («З-за гонару» А.Шырванзадэ), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага).

т. 1, с. 261

АЛІЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць адзін або некалькі цыклаў з атамаў вугляроду (акрамя араматычных злучэнняў). Падзяляюцца на класы і гамалагічныя шэрагі па колькасці і будове цыклаў, наяўнасці кратных сувязяў і функцыян. груп у малекуле. Монацыклічныя злучэнні па колькасці атамаў вугляроду ў цыкле бываюць малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12) Аліцыклічныя злучэнні з некалькімі цыкламі — бі-, тры- і поліцыклічныя. Апошнія могуць быць ізаляваныя (І), сучлененыя (II), мець адзін, два, тры і больш агульных атамаў вугляроду, адпаведна спіраны (III), кандэнсаваныя (IV), мосцікавыя (V), поліэдрычныя злучэнні (VI). Наяўнасць цыкла ў малекуле адбіваецца на фіз. і хім. уласцівасцях аліцыклічныя злучэнні у параўнанні з ацыклічнымі злучэннямі з той жа колькасцю атамаў вугляроду (больш высокія паказчыкі пераламлення, шчыльнасці, т-ры кіпення; больш высокая рэакцыйная здольнасць, асабліва малых цыклаў). Аліцыклічныя злучэнні сустракаюцца ў нафце; як структурныя фрагменты ўваходзяць у састаў многіх прыродных злучэнняў: тэрпеноідаў, стэроідаў, інсектыцыдаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Найб. практычнае выкарыстанне мае цыклагексан, яго гамолагі і вытворныя.

т. 1, с. 261

АЛІША́Н Гевонд

(18.7.1820, г. Стамбул — 22.11.1901),

армянскі паэт, гісторык і мысліцель. Адукацыю атрымаў у кангрэгацыі арм. царкоўнікаў-мхітарыстаў у Венецыі. У зб. «Песнапенне» (т. 1—5, 1857—58) апаэтызаваў прыроду роднага краю, подзвіг народа ў барацьбе супраць чужаземных захопнікаў. Родапачынальнік рамант. кірунку ў арм. паэзіі (цыкл вершаў «Песні Патрыярха»). Аўтар фундаментальных даследаванняў па гістарыяграфіі, археалогіі, філалогіі, геаграфіі і этнаграфіі Арменіі, рэліг.-філас. трактатаў, кн. «Успаміны пра радзіму армян» (т. 1—2, 1869—70).

С.Сарынян.

т. 1, с. 261