АЛІТЭРА́ЦЫЯ

(ад лац. ad да, пры + littera літара),

адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).

На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)