АЛІЎЕ́
(Olivier) Лорэнс Кер (22.5.1907, Доркінг, графства Сурэй, Вялікабрытанія — 11.7.1989),
англійскі акцёр, рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Цэнтр. школе дэкламацыі і драм. мастацтва ў Оксфардзе (1924—25). На сцэне з 1922, у кіно з 1930. З 1926 выступаў у рэпертуарных т-рах Англіі, у т. л. ў «Олд Вік» (з 1937, у 1944—49 яго кіраўнік), у 1963—73 у Нац. т-ры (Лондан, дырэктар т-ра). Ставіў п’есы У.Шэкспіра, творы класічнай і сучаснай драматургіі. Адзін з лепшых выканаўцаў цэнтр. роляў у п’есах Шэкспіра «Гамлет», «Рычард III», «Генрых V» (усе і ў кіно, у апошнім — акцёр, рэжысёр і сцэнарыст), «Карыялан», «Кароль Лір», «Макбет», «Атэла» і інш. Сярод інш. работ у кіно: адмірал Нельсан («Лэдзі Гамільтан»), «Тры сястры» паводле А.Чэхава (рэжысёр).
Літ.:
Юткевич С. Шекспир и кино. М., 1973;
Липков А. Шекспировский экран. М., 1975.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)