АБРО́К,
від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.
т. 1, с. 40
АБРО́СІМАЎ Павел Васілевіч
(14.12.1900, с. Свабода Курскай вобл. — 21.3.1961),
архітэктар. Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1923—25). Адказны сакратар Саюза архітэктараў СССР (1955—61). Адзін з аўтараў будынкаў СМ Украіны ў Кіеве (1934—39), Маскоўскага ун-та (Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш.
т. 1, с. 40
АБРО́СІМАЎ Пётр, разьбяр і цясляр канца 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Палаце разьбярскіх і сталярскіх спраў Маскоўскага Крамля, «новым пацешным двары цара» ў Аляксандравай Слабадзе. У 1682—83 кіраваў арцеллю бел. разьбяроў, якая з арцеллю К.Міхайлава выконвала разная іканастасы для Новадзявочага і Данскога манастыроў, у 1686 — для царквы Пятра і Паўла ў Маскве. Выконваў асабістыя заказы цара і царыцы (крэслы, ківоты, шуфляды, шкатулкі, падносныя сталы).
т. 1, с. 40
АБРО́СІМАЎ Хрыстафор, ювелір 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1660—64 па асабістым загадзе цара рабіў «усялякія сярэбраныя суды і царкоўныя кадзілы».
т. 1, с. 40
АБРО́ЎСКАЕ,
нізіннае балота ў Беларусі, у Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Іванаўскіх р-нах Брэсцкай вобл., на вадазборы р. Ясельда. Пл. 22,9 тыс. га. Глыб. торфу да 4,5 м, сярэдняя 1,1 м. Часткова асушанае, выкарыстоўваецца пад сенажаць, збожжавыя і кармавыя культуры; на неасушаных участках пераважаюць хмызнякі, асокі і разнатраўе.
т. 1, с. 40
АБРСКІ́Л,
герой абхазскага гераічнага эпасу. Народжаны ад бязгрэшнай дзевы, Абрскіл хутка стаў непераможным волатам, абаронцам свайго народа.
т. 1, с. 40
АБРУ́Б,
вёска ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 8 км на ПдУ ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска. 321 ж., 117 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 1, с. 40
АБРУ́Й,
кіраўнік паўстання бяднейшых слаёў насельніцтва ў 6 ст. ў Согдзе супраць мясц. арыстакратыі. Удзельнікі паўстання (вядома таксама як тыранія Абруя) захапілі г. Пайкенд. Многія прадстаўнікі вышэйшай знаці і купецтва ўцяклі ў Сямірэчча і папрасілі дапамогі ў правіцеля цюркаў Кара-Чурына, войскі якога разграмілі паўстанне каля 585. Абруй пакараны смерцю.
т. 1, с. 40
АБРУ́С,
настольнік, настольніца, тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.
В.Я.Фадзеева.
т. 1, с. 40
АБРУ́СНЫ,
асоба пры двары вял. князя ВКЛ, якая наглядала за сталовай бялізнай, у прыватнасці за абрусамі. З 16 ст. абрусны — ганаровае званне.
т. 1, с. 40