АНТЭСТЭ́РЫІ,
вясновае свята абуджэння прыроды ў Стараж. Афінах. Першы дзень наз. «днём адкрыцця бочак», другі дзень — «куфля», прысвячалі богу вінаробства Дыянісу. Трэці дзень свята («гаршкі») прысвячалі душам памерлых і выстаўлялі ім пачастункі.
т. 1, с. 406
АНТЭФІ́КС
(лац. antefixum),
від архітэктурнага аздаблення з мармуру ці тэракоты ў форме пальметы або шчыта з рэльефным арнаментам, з выявай фантаст. жывёліны. Звычайна размяшчаліся па краях дахавага накрыцца ўздоўж падоўжнай сцяны ант. храма.
т. 1, с. 407
АНУ́БІС,
у егіпецкай міфалогіі першапачаткова бог смерці, пазней апякун памерлых, некропаля, пахавальных абрадаў і бальзаміравання. Уяўляўся ў вобразе ляжачага шакала чорнай масці або чалавека з галавой шакала. Стараж. грэкі атаясамлівалі Анубіса з Гермесам.
т. 1, с. 407
АНУ́Й,
Ануйль (Anouilh) Жан (23.6.1910, г. Бардо, Францыя — 3.10.1987), французскі драматург. У цэнтры яго камерных п’ес «Гарнастай» (1934), «Падарожнік без багажу» (1937), «Дзікунка» (паст. 1938) трагічны канфлікт героя з жорсткасцю навакольнага свету. Аўтар лірыка-іранічных камедый «Вячэра ў Санлісе», «Леакадзія» (абедзве 1942), «мудрагелістых п’ес» «Падвал» (1961), «Арышт» (1975) і інш., паліт. фарса «Дзівак, ці Закаханы рэакцыянер» (паст. 1959). У антыфаш. трагедыі «Антыгона» (паст. 1943), гіст. драмах «Жаваранак» (1953), «Бекет, ці Гонар Божы» (1959) паказана гібель маральна бескампраміснага героя, які адстойвае сваю чалавечую годнасць. П’есы Ануя вызначаюцца разнастайнасцю і навізной сюжэтаў, натуральнасцю дыялога, эмацыянальнасцю і гумарам.
Тв.:
Le rendez-vous de Senlis;
Leocadia. Paris, 1973;
Рус. пер. — Пьесы. Т. 1—2. М., 1969.
т. 1, с. 407
АНУЛЯ́ЦЫЯ,
ануляванне (ад лац. annullo знішчаю), адмена, абвяшчэнне несапраўдным якога-н. акта, дагавора або правоў ці паўнамоцтваў. Гл. таксама Дэнансацыя.
т. 1, с. 407
АНУПРЫЕ́НКА Сяргей Пятровіч
(н. 20.4.1954, г. Мінск),
бел. філосаф. Канд. філас. н. (1985). Скончыў БДУ (1979). Працуе ў Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Распрацаваў цэласную тэарэтыка-метадалагічную канцэпцыю фарміравання эколагакаштоўнасных поглядаў чалавека ў сучасных умовах, праграму практычных мер па псіхарэабілітацыі насельніцтва, якое жыве на тэр. Беларусі, забруджанай радыенуклідамі. Даследуе праблемы экалагічнай адукацыі, нетрадыцыйных падыходаў у галіне псіхасац. развіцця чалавека.
Тв.:
Экология в системе образования и просвещения Белоруссии: проблемы и перспективы. Мн., 1990;
Социально-культурные аспекты экологических проблем в Беларуси. Мн., 1994.
т. 1, с. 407
АНУ́РЫС,
Анхур, Інхар, у егіпецкай міфалогіі бог палявання, вайны. Цэнтр культу Анурыса — г. Тыніс, дзе ён лічыўся тварцом сусвету. У міфах найчасцей выступаў як сонечны змеяборац.
т. 1, с. 407
АНУРЫ́Я
(ад ан... + грэч. uron мача),
поўнае спыненне выдалення мачы. Узнікае пры цяжкіх захворваннях нырак, закупорцы камянямі абодвух мачаточнікаў, сцісканні іх суседнімі пухлінамі, шоку і падзенні сардэчнай дзейнасці. Вядзе да урэміі. Патрабуе неадкладнага лячэння.
т. 1, с. 407
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял. кн. ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
А.А.Ярашэвіч.
т. 1, с. 407
АНУ́ФРЫЙ,
полацкі князь у ВКЛ. У грамаце, выдадзенай ім каля 1399 манастыру Іаана Прадцечы на валоданне бортнымі землямі на азёрах Сомніца, Лісна і рэках Ула і Нача, назваў сябе вял. князем — адзіны выпадак, калі полацкі князь так тытулаваў сябе. Мяркуецца, што Ануфрый быў апошнім полацкім князем.
М.І.Ермаловіч.
т. 1, с. 407