Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АНАЛІТЫ́ЧНЫ ЎЛІ́К,

дэталізаваны бухгалтарскі ўлік гасп. аперацый і сродкаў прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў з дапамогай аналітычных рахункаў. Ажыццяўляецца ў натуральных і вартасных паказчыках, для аператыўнага кіравання і справаздачнасці. Дае магчымасць аператыўна сачыць за наяўнасцю кожнага віду таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, за разлікамі з пастаўшчыкамі, падрадчыкамі, дэбіторамі, крэдыторамі, падсправаздачнымі асобамі і інш. Па звестках аналітычнага ўліку можна рабіць справаздачныя калькуляцыі сабекошту прадукцыі, а па натуральных паказчыках выяўляць лішкі ці недахоп сродкаў.

т. 1, с. 335

АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),

1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).

2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл. Гамалогія).

3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.

4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.

А.​М.​Елсукоў, А.​А.​Кожынава, В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 1, с. 335

АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,

адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.​Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.​Лакебрынк, К.​Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 336

АНАЛО́Й, налой (грэч. analogeion),

адмысловы столік са скошанай накрыўкай, на які кладуць абразы ці богаслужэбныя кнігі ў час іх чытання ў правасл. храмах.

т. 1, с. 336

АНА́ЛЫ (ад лац. annales гадавыя),

запіс найб. значных падзей па гадах; форма гіст. твора ў старажытнасці і сярэднявеччы. Тэрмін аналы ўзнік у Стараж. Рыме, дзе ўсе важныя падзеі штогод запісваліся пантыфікамі (жрацамі) на спец. дошках і выстаўляліся на ўсеагульны агляд. Аналамі наз. таксама творы аналістаў. Пасля назва перайшла і на сярэдневяковыя запісы, якія вяліся звычайна ў манастырах. Форма пагадовых запісаў выкарыстана ў хроніках і летапісах.

т. 1, с. 336

АНА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

скурныя апакрынныя залозы млекакормячых, якія адкрываюцца каля анальнай адтуліны або ў поласць задняй кішкі; вытворныя потавых і тлушчавых залозаў. Асн. функцыя — выдзяленне пахучых рэчываў, з дапамогай якіх жывёлы пазначаюць сваю тэрыторыю. Выдзяленні некаторых драпежнікаў (скунса, норкі) маюць сакрэт з рэзкім, непрыемным, устойлівым пахам, які адпужвае ворага або прываблівае асобін процілеглага полу.

т. 1, с. 336

АНАЛЬЦЫ́М (ад грэч. analkis слабы),

пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў (група цэалітаў), Na2[AlSi2O6]2∙2H2O. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя масы, друзы, жэоды і інш. Бясколерны ці белы, шэры, зеленаваты, ружовы. Празрысты да амаль непразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6; крохкі. Шчыльн. 2,2—2,3 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, радзей магматычны, таксама аўтыгенны мінерал у азёрных адкладах, гліністых сланцах, пясчаніках. На Беларусі выяўлены ў значнай колькасці (да 20—30%) у пародах верхняга пратэразою, як акцэсорны мінерал — у адкладах дэвону, карбону і інш.

Анальцым.

т. 1, с. 336

АНАМАЛІСТЫ́ЧНЫ ГОД,

гл. ў арт. Год.

т. 1, с. 336

АНАМА́ЛІЯ (грэч. anōmalia),

1) адхіленне ад нормы, ад агульнай заканамернасці, ненармальнасць.

2) У біялогіі і медыцыне — адхіленне ў будове ці функцыях асобнага органа або ўсяго арганізма, абумоўленае парушэннямі яго эмбрыянальнага развіцця. Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю, пашкоджаннем зародка пад уплывам мех., інфекц., таксікагенных, радыяцыйных і інш. фактараў. Напр., шасціпальцасць, парок сэрца, заечая губа, альбінізм, гемафілія. Крайняя форма анамаліі — пачварнасць.

3) У метэаралогіі — адхіленне велічыні пэўнага метэаралагічнага элемента ў пэўным месцы ад нормы. Адрозніваюць адхіленне ад шматгадовай сярэдняй велічыні (напр., сярэдняй т-ры месяца за асобны год) і шматгадовай сярэдняй велічыні таго ж элемента для ўсяго шыротнага круга, дзе знаходзіцца гэтае месца (напр., для 55° паўн. ш.). Размеркаванне анамаліі вывучаецца з дапамогай картаў ізанамал (лініі, што злучаюць пункты з аднолькавымі велічынямі). Анамаліі бываюць адмоўныя, калі велічыня меншая за сярэднюю шматгадовую, і дадатныя, калі велічыня большая. На Беларусі (Мінск) адмоўная анамалія сярэднямесячнай т-ры паветра 6,3 °C, дадатная 5,5 °C. Асабліва вял. тэмпературныя анамаліі ўласцівы мацерыкам Паўн. паўшар’я (напр., зімой у Верхаянску адмоўная анамалія складае 26 °C, у Паўн. Амерыцы — 16 °C).

т. 1, с. 336

АНАМАРФАВА́ННЕ (ад грэч. anamorphoō пераўтвараю) відарысаў, пераўтварэнне канфігурацыі відарыса аб’екта спец. аптычнымі сістэмамі або ўзаемным нахілам плоскасці прадмета і экрана. Анамарфаванне аптычнымі сістэмамі (напр., анамарфотнай насадкай) пашырана ў шырокаэкранным кінематографе для сціскання (пры здымцы) і расцягнення (пры праектаванні на экран) відарыса ў гарыз. напрамку. Анамарфаванне нахілам выкарыстоўваюць у фатаграфіі (для змяншэння перспектыўных скажэнняў), у паліграфіі і інш.

т. 1, с. 336