Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, якія адначасова адбываюцца ў прамым і адваротным напрамках і знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі. Кірунак рэакцый залежыць ад канцэнтрацыі рэчываў — удзельнікаў рэакцый. Пры дасягненні раўнавагі хімічнай скорасці абарачальныя рэакцыі аднолькавыя і сістэма ўтрымлівае зыходныя рэчывы і прадукты.

Простыя абарачальныя рэакцыі (напр., N2O4 2NO2) складаюцца з дзвюх элементарных рэакцый, якія адрозніваюцца толькі напрамкам (N2O4 → 2NO2 і 2NO2 → N2O4). Складаныя бываюць абарачальныя пры ўмове абарачальнасці ўсіх стадый (напр., N2+3NH2, 2NH3). Абарачальныя рэакцыі пры пэўных умовах ператвараюцца ў практычна неабарачальныя рэакцыі.

т. 1, с. 13

АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы, працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл. Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.

т. 1, с. 13

АБАРАЧЭ́ННЕ,

інверсія ў музыцы, спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней ў неполіфанічных творах.

Т.Г.Мдывані.

т. 1, с. 13

АБАРАЧЭ́ННЕ ў эканоміцы, форма таварнага абмену прадуктаў працы і інш. аб’ектаў уласнасці праз куплю-продаж. З’яўляецца бясконцым працэсам мноства самастойных актаў куплі і продажу, які звязвае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем. Ад абмену тавараў (Т—Т) адрозніваецца тым, што ажыццяўляецца пры пасрэдніцтве грошай (Т—Г—Т). Развіццё абарачэння звязана з таварнай вытв-сцю.

На пач. этапах абмяжоўвалася мясц. рынкам. З паглыбленнем грамадскага падзелу працы і пашырэннем таварна-грашовых адносін сфарміраваліся ўнутр. і сусв. рынкі, пачалося развіццё крэдытнага абарачэння, абарачэння каштоўных папер і інш. формаў.

т. 1, с. 13

АБАРДА́Ж

(франц. abordage),

спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.

т. 1, с. 13

АБАРО́Г,

лёгкае збудаванне для захоўвання сена. Невялікая 4- ці 2-схільная рухомая стрэшка на 4 высокіх слупах, накрытая саломай або дранкай; пры патрэбе можа падымацца і апускацца. Здаўна вядома на Беларусі, паўн. Украіне, ПнЗ Расіі.

т. 1, с. 13

АБАРО́НА,

баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.

У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл. Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял. Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.жн. 1941 (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).

У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.

Літ.:

Тактика. 2 изд. М., 1988. С. 320—407.

У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.

т. 1, с. 13

АБАРО́НА АЙЧЫ́НЫ,

абарона краіны ад знешняга нападу, пагрозы яе незалежнасці і тэр. цэласнасці. Абарона Рэспублікі Беларусь — найважнейшая функцыя дзяржавы, канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага яе грамадзяніна. Актыўная форма рэалізацыі гэтага абавязку — ваенная служба. Закон «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 рэгламентуе парадак падрыхтоўкі насельніцтва да абароны краіны і забеспячэння камплектавання яе Узброеных Сіл.

т. 1, с. 14

АБАРО́НА ГО́НАРУ І ГО́ДНАСЦІ,

адна з формаў судовай аховы правоў фізічных і юрыд. асоб. Грамадзянін або юрыд. асоба маюць права патрабаваць праз суд абвяржэння недаказаных звестак, якія ганьбяць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Ганебныя звесткі, распаўсюджаныя ў сродках масавай інфармацыі, абвяргаюцца там жа. Дакумент, які зыходзіць ад юрыд. асобы і змяшчае ганебныя звесткі, падлягае адмене. Інш. выпадкі разглядаюцца судом. Маральная (немаёмасная) шкода кампенсуецца, памер яе вызначаецца судом.

т. 1, с. 14

АБАРО́НА ГРАМАДЗЯ́НСКІХ ПРАВО́Ў,

у цывільным праве сукупнасць дзеянняў па ахове законных маёмасных і асабістых немаёмасных правоў грамадзян. Ажыццяўляецца ва ўстаноўленым судом парадку праз: прызнанне гэтых правоў; аднаўленне становішча, якое існавала да парушэння права і спынення дзеянняў, што парушаюць права; прысуджэнне да выканання абавязацельства ў натуры; спыненне або змену праваадносін; спагнанне з асобы, якая парушыла права, нанесеных страт, няўстойкі, а таксама інш. законныя спосабы. У выпадках, асобна прадугледжаных законам, можа ажыццяўляцца ў адм. парадку.

т. 1, с. 14