Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКАМКАВА́ННЕ,

гл. Акатванне.

т. 1, с. 184

АКАМПАНЕМЕ́НТ

(франц. accompagnement),

музычнае суправаджэнне. 1) Партыі аднаго ці некалькіх інструментаў або пеўчых галасоў у ансамблі, падпарадкаваныя гал., сольнай партыі.

2) Кампанент муз. тканіны, які выконвае функцыю суправаджэння (інтанацыйна-меладычнага, рытмічнага, гарманічнага). Адрозніваюць монафанічны і поліфанічны (гарманічны) акампанемент, якія ў працэсе развіцця муз. творчасці набылі разнастайныя формы.

3) Выкананне муз. суправаджэння.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 184

АКАМЯНЕ́ЛАСЦІ,

фасіліі, рэшткі і сляды жыццядзейнасці арганізмаў мінулых геал. эпох, якія захаваліся ў асадкавых пародах. Падзяляюцца на рэшткі арганізмаў, адбіткі і злепкі, сляды і прадукты жыццядзейнасці (гл. Капраліты). Утвараюцца пасля пахавання арганізмаў у выніку фасілізацыі. Ад раслін у горных пародах захавалася разрозненае лісце, абрыўкі галін, абломкі ствалоў, шышкі, плады, насенне, споры, пылок, зрэдку — кветкі. Добра захаваліся жывёлы або іх рэшткі ў вечнай мерзлаце (маманты, рыбы і інш.), азакерыце. Захаванасць рэшткаў залежыць ад будовы арганізма і ўмоў яго пахавання. Даследаванне акамянеласцей дае магчымасць вызначаць адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў зямной кары, уявіць звенні ланцуга эвалюцыі жывых арганізмаў у геал. мінулым Зямлі. Утварэнне акамянеласцей вывучае тафаномія. Узоры акамянеласцей зберагаюцца ў палеанталагічных музеях.

т. 1, с. 184

АКА́Н,

група народаў (ашанты, фанты, акім, аквапім, аньі, бауле, гонджа, крачы, абронг і інш.) у Гане (больш за 7,7 млн. чал.), Кот-д’Івуар (2,3 млн. чал.) і Тога (50 тыс. чал., 1987). Мовы групы акан.

т. 1, с. 184

АКАНІ́Т,

гл. Боцікі.

т. 1, с. 184

АКАНІ́ЦА,

канструкцыйна-дэкаратыўны элемент афармлення аконнага праёма (гл. Акно). Узнікла ў стараж.-рус. архітэктуры ў выглядзе засавак (дошак на палазах), якімі зачынялі незашклёныя валаковыя вокны курных хат. У сял. буд-ве бытавала да канца 19 ст. З развіццём вял. акон, аздобленых ліштвамі, паявіліся аканіцы на «бегунах», або «пятках» (спец. шыпах, на якіх паварочваліся), з 16 ст. — на метал. завесах у замкавым, сядзібным і гар. жыллёвым буд-ве. У сучаснай нар. архітэктуры аканіцы аздабляюцца філёнгамі, дэкар. ўстаўкамі, разьбой.

т. 1, с. 184

АКАНКА́ГУА

(Aconcagua),

найбольшая вяршыня ў Андах і Паўд. Амерыцы, у Аргенціне, каля граніцы з Чылі. Выш. 6960 м. Складзена з андэзітаў, укрыта вечнымі снягамі, 7 ледавікоў. Агульная пл. абледзянення 80 км².

т. 1, с. 184

А́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел. літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус. літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.А.Крывіцкі.

т. 1, с. 184

АКАНО́М,

кіраўнік панскай гаспадаркі, наглядчык за працай у фальварку на Беларусі ў перыяд феадалізму і капіталізму. Тэрмін вядомы з канца 16 ст. Аканом нёс адказнасць за гасп. дзейнасць у маёнтку, трымаў пад кантролем суд над сялянамі, кіраваў зборам падаткаў. На аканома ўскладаўся абавязак кантролю за падуладнымі яму намеснікамі асобных фальваркаў. Ён вёў таксама ўсю гасп. справаздачу, якую прад’яўляў на рэвізію гаспадару ці яго адміністратару. Пасаду аканома ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя.

У.І.Пашкевіч.

т. 1, с. 184

АКА́НТ у архітэктуры, арнаментальна-дэкаратыўны элемент аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў і збудаванняў у выглядзе аканта (расліна, пашыраная ў Міжземнамор’і). Вядомы з антычнасці. Характэрны для зах.-еўрап., у т. л. беларускай, архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Арнамент з асобных зубчастых лістоў аканта аздабляў кансолі і дэнтыкулы, з сабраных у пучок у форме чашы — карынфскія і кампазітныя капітэлі; бягучы бесперапынны арнамент з аканта выкарыстоўваўся ў фрызах, спіралепадобны — у круглых разетках і медальёнах.

т. 1, с. 184