АКАМЯНЕ́ЛАСЦІ,
фасіліі, рэшткі і сляды жыццядзейнасці арганізмаў мінулых геал. эпох, якія захаваліся ў асадкавых пародах. Падзяляюцца на рэшткі арганізмаў, адбіткі і злепкі, сляды і прадукты жыццядзейнасці (гл. Капраліты). Утвараюцца пасля пахавання арганізмаў у выніку фасілізацыі. Ад раслін у горных пародах захавалася разрозненае лісце, абрыўкі галін, абломкі ствалоў, шышкі, плады, насенне, споры, пылок, зрэдку — кветкі. Добра захаваліся жывёлы або іх рэшткі ў вечнай мерзлаце (маманты, рыбы і інш.), азакерыце. Захаванасць рэшткаў залежыць ад будовы арганізма і ўмоў яго пахавання. Даследаванне акамянеласцей дае магчымасць вызначаць адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў зямной кары, уявіць звенні ланцуга эвалюцыі жывых арганізмаў у геал. мінулым Зямлі. Утварэнне акамянеласцей вывучае тафаномія. Узоры акамянеласцей зберагаюцца ў палеанталагічных музеях.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)