АКАНО́М,

кіраўнік панскай гаспадаркі, наглядчык за працай у фальварку на Беларусі ў перыяд феадалізму і капіталізму. Тэрмін вядомы з канца 16 ст. Аканом нёс адказнасць за гасп. дзейнасць у маёнтку, трымаў пад кантролем суд над сялянамі, кіраваў зборам падаткаў. На аканома ўскладаўся абавязак кантролю за падуладнымі яму намеснікамі асобных фальваркаў. Ён вёў таксама ўсю гасп. справаздачу, якую прад’яўляў на рэвізію гаспадару ці яго адміністратару. Пасаду аканома ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя.

У.І.Пашкевіч.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)