АКАМПАНЕМЕ́НТ

(франц. accompagnement),

музычнае суправаджэнне. 1) Партыі аднаго ці некалькіх інструментаў або пеўчых галасоў у ансамблі, падпарадкаваныя гал., сольнай партыі.

2) Кампанент муз. тканіны, які выконвае функцыю суправаджэння (інтанацыйна-меладычнага, рытмічнага, гарманічнага). Адрозніваюць монафанічны і поліфанічны (гарманічны) акампанемент, якія ў працэсе развіцця муз. творчасці набылі разнастайныя формы.

3) Выкананне муз. суправаджэння.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)