АБРАМО́ВІЧ Людвік Кароль
(5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 38
АБРАМО́ВІЧ Марыян Станіслаў
(25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),
удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.
Літ.:
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.
т. 1, с. 38
АБРАМО́ВІЧ Франц Вікенцьевіч
(1864, в. Клесель Рэчыцкага пав. — 10.6.1933),
бел. хірург. Д-р медыцыны (1900). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1889). З 1914 урач у бальніцах Гомеля, Мазыра. Працы па даследаванні хвароб органаў брушной поласці, па клінічнай хірургіі і арганізацыі хірург. дапамогі.
т. 1, с. 38
АБРАМО́ВІЧ Эміль Абрамавіч
(ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.
М.В.Біч, Ф.І.Ігнатовіч.
т. 1, с. 38
АБРАМО́ВІЧЫ
(Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі ад Абрагама Ёзафавіча (п. У 1519), які нарадзіўся ў сям’і гандляра-яўрэя, пазней прыняў хрысціянства. За паслугі вял. князям Аляксандру і Жыгімонту І атрымаў шляхецтва. Займаў пасады гараднічага (1495) і старосты ковенскага (1514), старосты салецкага, войта менскага і берасцейскага, падскарбія земскага (1510—19). Валодаў маёнткамі Вайдуны (Віленскі пав.) і Грынкава (Гарадзенскі пав.). Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян, п. у 1546, быў войтам берасцейскім) і Канстанціна (войт менскі).
В.Л.Насевіч.
т. 1, с. 38
АБРАМО́ВІЧЫ
(Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:
Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.
т. 1, с. 38
«АБРА́МЦАВА»,
гісторыка-мастацкі і літ. музей-запаведнік у Расіі. Створаны ў 1977 на тэр. б. сядзіб Абрамцава каля г. Загорск Маскоўскай вобл. (з 1843 належала Аксакавым, з 1870 — Мамантавым, з 1918 тут створаны музей) і Ахтырка.
У 19 ст. адзін э буйных цэнтраў культ. жыцця Расіі. У сядзібе ў С.Аксакава гасцявалі М.Гогаль, І.Тургенеў, М.Шчэпкін і інш. У 1870—90-я г. тут жылі і працавалі В.Васняцоў, І.Рэпін, В. і А.Паленавы, В.Сяроў, К.Каровін, М.Несцераў, М.Урубель і інш. Пры ўдзеле арх. В.Гартмана і І.Ропета ў парку пабудаваны ў «рус. стылі» студыя, «Хатка на курыных ножках», царква, дача для мастакоў; створаны майстэрні разьбы па дрэве (гл. Абрамцава-кудрынская разьба) і маёлікі; пісаліся дэкарацыі для Мамантаўскага гуртка (паслужыў асновай Маскоўскай прыватнай оперы); у аматарскіх спектаклях удзельнічалі К.Станіслаўскі, Ф.Шаляпін.
Літ.:
Поленова Н.В. Абрамцево: Воспоминания. М., 1922.
т. 1, с. 38
АБРА́МЦАВА-КУ́ДРЫНСКАЯ РАЗЬБА́,
рускі маст. промысел разьбы па дрэве. Вядзе пачатак ад майстэрні, арганізаванай у 1882 А.Дз.Паленавай з мясц. майстроў с. Кудрына, Ахтырка і інш. у сядзібе Абрамцава (гл. «Абрамцава»), Бытавыя рэчы і сувеніры (шкатулкі, талеркі) з ллоскарэльефнай разьбой (раслінны і геам. арнамент, фігуркі птушак, жывёл) і паліраванай паверхняй цяпер выпускае Хацькоўская ф-ка разных маст. вырабаў (г. Хацькова Маскоўскай вобл.).
Літ.:
Василенко В.М. Русская народная резьба и роспись по дереву XVIII—XX вв. М., 1960.
т. 1, с. 39
АБРАМЧУ́К Мікалай Іванавіч
(20.11.1910, в. Раманаўка Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 1.2.1974),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. школу лётчыкаў (1934). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, 1-м Укр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 300 баявых вылетаў, знішчыў 16 самалётаў праціўніка.
т. 1, с. 39
АБРА́МЧЫК Мікалай Сямёнавіч
(16.8.1903, в. Сычавічы Маладзечанскага р-на — 29.5.1970),
паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Радашковіцкую бел. гімназію, з 1924 працягваў адукацыю ў Празе, дзе зблізіўся з прадстаўнікамі б. ўрада БНР (П.Крачэўскім, В.Захаркам і інш.). Жыў у Францыі, стварыў там «Хаўрус бел. працоўнай эміграцыі». Напярэдадні 2-й сусв. вайны ў Берліне, рэдактар газ. «Раніца» (1939—44), у 1940 арганізаваў Бел. к-т самапомачы. Потым працаваў у К-це самапомачы ў Беластоку. З 1944 у Парыжы, актыўна выступаў у бел. эміграцыйным друку. У 1943 і 1947—70 старшыня Рады БНР, у 1947 арганізаваў крывіцкую Раду БНР (т.зв. крывіцкі блок).
С.Б.Сачанка.
т. 1, с. 39