Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ ШОЎКАКРУЦІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1894—1913 у Альбярціне. Вырабляла аснову і ўток для тканіны. У 1897 працавалі 210 рабочых; у 1910 працаваў 141 рабочы і 51 пастаўляў сыравіну і паліва.

т. 1, с. 275

АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш. с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з-д. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.

т. 1, с. 275

АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЭЛЕКТРАЛЯ́МПАВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1913—15 у Альбярціне. Першае на Беларусі прадпрыемства такога профілю. Працавалі 86 рабочых.

т. 1, с. 275

А́ЛЬВАРЭС (Alvarez) Луіс Уолтэр

(13.6.1911, Сан-Францыска — 1.9.1988),

амерыканскі фізік. Адзін са стваральнікаў атамнай бомбы. Чл. Нац. АН (1947). Скончыў Чыкагскі ун-т (1932). З 1936 у Каліфарнійскім ун-це (з 1945 праф.), у 1954—59 і 1976—78 нам. дырэктара Радыяцыйнай лабараторыі імя Э/Лоўрэнса (г. Берклі). Навук. працы па ат. ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, паскаральнай тэхніцы і радыёлакацыі. Адкрыў новы від радыеактыўнага ператварэння — электронны захоп (1938), пабудаваў першую пузырковую камеру, адкрыў (разам з інш.) многія рэзанансы. Нобелеўская прэмія 1968.

т. 1, с. 275

АЛЬВЕАКАКО́З

(Alveococcosis),

гельмінтозная хвароба жывёлы і чалавека, якая выклікаецца цэстодай Alveococcosis multilocularis. Пашыраны ў Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і ў інш. рэгіёнах, у т. л. на Беларусі. Трапляецца ў 2 формах — імагінальнай (узбуджальнік — дарослыя паразіты, якія лакалізуюцца ў тонкім кішэчніку лісоў, пясцоў, радзей ваўкоў, сабак і катоў) і ларвальнай (выклікаецца лічынкамі, што паразітуюць у печані, радзей у інш органах грызуноў і чалавека). Распаўсюджваецца пераважна грызунамі, дзякуючы якім утвараюцца прыродныя ачагі хваробы. Чалавек заражаецца пры заглынанні яец альвеакока з забруджаных рук. Паразіты выклікаюць атрафію пашкоджаных органаў. Лячэнне для жывёл не распрацавана, у чалавека — хірургічнае.

т. 1, с. 275

АЛЬВЕ́Н (Alfven) Хуга

(1.5.1872, Стакгольм — 8.5.1960),

шведскі кампазітар, дырыжор, скрыпач. У 1890—97 саліст Каралеўскага сімф. аркестра ў Стакгольме, у 1910—39 кіраўнік муз. аддзялення ун-та ў Упсале. Упершыню ў свецкай сімф. музыцы выкарыстаў нац. фальклор. Сярод тв.: балеты «Горны кароль» (1923), «Блудны сын» (1957); 12 кантат; 5 сімфоній; 3 рапсодыі для арк.; камерныя творы; хары; музыка да кінафільмаў.

т. 1, с. 275

АЛЬВЕО́ЛЫ

(ад лац. alveolus лунка, паглыбленне, пузырок),

1) канцавыя пузыркі мяшочкападобных (альвеалярных) залоз.

2) Пузыркі на канцах тоненькіх трубачак (бранхіёлаў) лёгкага млекакормячых, высланыя эпітэліем і абвітыя сеткай капіляраў, што забяспечвае газаабмен паміж альвеалярным паветрам і крывёй.

3) Лункі ў сківічных касцях вышэйшых пазваночных жывёл, у якіх знаходзяцца карані зубоў.

т. 1, с. 275

А́ЛЬВЕР (Alver) Бэці

(сапр. Лэпік Элізабет; 10.11.1906, пас. Йыгева, Эстонія — 19.6.1989),

эстонская пісьменніца. Нар. пісьменніца Эстоніі (1981). У 1924—27 вучылася ў Тартускім ун-це. Дэбютавала як празаік (раман «Любоўніца ветру», 1927; апавяданні). У творах Альвер спалучаецца лірызм з філас. асэнсаваннем рэчаіснасці. Эмацыянальна багатая і дасканалая па форме паэзія Альвер раскрывае адвечныя каштоўнасці жыцця (паэмы «Песня пра белую варону», 1931; «Арэхавая шкарлупіна», 1937; зб. паэм «Надтрэснутае люстэрка», 1962; зб-кі вершаў «Пыл і агонь», 1936; «Зоркавы час», 1966; «Настрой», 1976; «Лятаючы горад», 1979, і інш.). Дзярж. прэмія Эстоніі 1980.

Н.М.Басэль.

т. 1, с. 275

А́ЛЬВЫ,

у скандынаўскай міфалогіі ніжэйшыя прыродныя духі (першапачаткова, магчыма, і душы памерлых), якія ўплывалі на ўрадлівасць. Ім быў прысвечаны асобны культ. Часам альвы проціпастаўляліся вышэйшым багам — асам.

т. 1, с. 275

АЛЬГАДЫСМЕНАРЭ́Я

(ад грэч. algos боль + дысменарэя),

альгаменарэя, менструацыя з болямі ў нізе жывата, галавы, ірвотай, слабасцю, стратай прытомнасці, сэрцабіццем, паніжэннем або стратай працаздольнасці. Назіраецца ў 10—20% жанчын. Першасная альгадысменарэя абумоўлена эндакрыннымі парушэннямі, захворваннямі цэнтр. звёнаў рэгуляцыі менструальнага цыкла (гіпофіза, гіпаталамуса), паталогіяй палавой спеласці. Пры балючых менструацыях у жанчын часта назіраецца адставанне не толькі ў палавым, але і ў фіз. развіцці. Выяўляюцца гарманальныя і абменныя парушэнні, паталогія працэсаў простагландзінагенезу. Другасная альгадысменарэя развіваецца пасля перанесеных захворванняў палавых органаў і агульнасаматычных захворванняў.

т. 1, с. 275