АЛЬГАДЫСМЕНАРЭ́Я

(ад грэч. algos боль + дысменарэя),

альгаменарэя, менструацыя з болямі ў нізе жывата, галавы, ірвотай, слабасцю, стратай прытомнасці, сэрцабіццем, паніжэннем або стратай працаздольнасці. Назіраецца ў 10—20% жанчын. Першасная альгадысменарэя абумоўлена эндакрыннымі парушэннямі, захворваннямі цэнтр. звёнаў рэгуляцыі менструальнага цыкла (гіпофіза, гіпаталамуса), паталогіяй палавой спеласці. Пры балючых менструацыях у жанчын часта назіраецца адставанне не толькі ў палавым, але і ў фіз. развіцці. Выяўляюцца гарманальныя і абменныя парушэнні, паталогія працэсаў простагландзінагенезу. Другасная альгадысменарыя развіваецца пасля перанесеных захворванняў палавых органаў і агульнасаматычных захворванняў.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)